Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Дзмітрый Шалак з ліпеня 2021 года па красавік 2022 года, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, у розных групах месэнджара "Telegram", маючы намер на публічную абразу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, размясціў шэраг каментароў. У іх, поводле высноваў адмыслоўцаў, утрымліваліся «выражаныя ў непрыстойнай форме абразы ў адрас кіраўніка дзяржавы, а таксама прадстаўнікоў улады», з ужываннем ненарматыўнай лексікі.
Паводле прысуду, агучанага 8 жніўня, Шалак прызнаны вінаватым у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і на падставе ч.1 арт. 368 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў.
Ён жа прызнаны вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, у інфармацыі, размешчанай у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт. На падставе арт. 369 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады са штрафам 200 базавых велічынь.
Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных асноўных пакаранняў і поўнага далучэння дадатковага пакарання Шалаку прызначана пазбаўленне волі на тэрмін 3 гады са штрафам у памеры 200 базавых велічыняў.
На падставе ч.ч.5, 6 арт.72 КК па сукупнасці злачынстваў, шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і поўнага далучэння дадатковага пакарання, прызначаных па гэтым прысудзе і па прысудзе суда г.Наваполацка ад 6 лютага 2024 года (суддзя Віталь Лапко), Дзмітрыю Шалаку канчаткова прызначана пакаранне у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 200 базавых велічыняў.
У траўні 2023 г. Дзмітрый Шалак быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту.
Віктар Любецкі