Панядзелак, 12 Жнівень 2024

Пастаўскага прадпрымальніка Ігара Парункевіча завочна асудзілі да 6 год калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Працэс у Мінскім абласным судзе ў парадку спецыяльнай выьворчасці распачаўся 18 красавіка і скончыўся 6 жніўня. Парункевіча прызналі вінаватым у іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці( ч. 1 арт. 361-4 КК), у публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 ст. 130 КК), у пагрозе прымянення гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК).

Паводле ч. 1 арт. 361-4 КК Ігару Парункевічу прысудзілі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 3 гады; паводле ч. 1 арт. 368 КК -- пазбаўленне волі на 2 гады; паводле ч. 1 арт. 130 КК -- пазбаўленне волі на 3 гады; арт. 364 КК -- пазбаўленне волі на 4 гады.

На падставе ч. 2 арт. 72 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў Парункевічу канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 6 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Абвінавачанне пастаўчаніна ў садзеянні экстрэмісцкай дзейнасці з'явілася не адразу – яно пачало фігураваць толькі ў пераліку асртыкулаў у раскладзе судовых пасяджэнняў . Першапачаткова супраць Ігара Парункевіча распачалі крымінальную справу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — аб распальванні варожасці, абразе Лукашэнкі і гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянта.

У Паставах Парункевіч меў уласны бар у цэнтры горада. Ужо апынуўшыся ў замежжы, ён распавядаў, што падтрымліваў Святлану Ціханоўскую, і што ў ягоным бары «выставілі каробку для ахвяраванняў для тых людзей, хто пацярпеў падчас акцый пратэсту». Міліцыянтам гэта не спадабалася, яны спачатку пагражалі, а потым і насамрэч завялі на прадпрымальніка крымінальную справу. Ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, і цяпер жыве ў Літве. Таму суд над ім праходзіў завочна.

Пётр Ліпніцкі