Пра затрыманне Уладзіміра Мартава паведаміла выданне «Фантанка». Паводле інфармацыі інтэрнэт-рэсурса, ён дастаўлены ў 87-мы аддзел паліцыі Усеволажскага раёна Ленінградскай вобласці. У Беларусі лекару завочна абраная мера стрымання ў выглядзе арышту.
Уладзімір Мартаў працаваў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, у красавіку 2021 года яму не працягнулі кантракт.
Лекара пачалі пераследваць пасля таго, як ён загаварыў у недзяржаўных СМІ пра тое, што статыстыку смяротнасці ад каранавіруса прыхоўваюць, што ёсць праблемы арганізацыі мэдыцынскай дапамогі хворым на каранавірус -- у прыватнасці, перабоі з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю бальніцы. Ён сцвярджаў, што праз гэта ў канцы 2020 году памерлі некалькі чалавек, якія знаходзіліся на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, тады як улады запэўнівалі, што ад новай інфекцыі пакуль ніхто не памёр.
Па звальненні Мартаў не працаваў у мэдыцыне. У сацыяльных сетках ён займаў актыўную грамадзянскую пазыцыю, заяўляў аб непрыманьні гвалту і выказваў салідарнасць з палітвязнямі. Вёў уласны падкаст «На вайне з COVID-19» на відэаплатформе YouTube.
У лютым 2022 года Мартава арыштоўвалі на 7 дзён паводле арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Яго затрымалі на лецішчы пад Лепелем. Паводле жонкі лекара, ён быў асуджаны за бел-чырвона-белы сцяжок на аватарцы ў сацыяльнай сетцы . Пасля вызваленьня Уладзімір Мартаў пакінуў краіну.
Павел Птах