Чацвер, 11 Студзень 2024

З браслаўскага музея традыцыйнай культуры пасля «палітычных адміністратывак» звольнілі 7 чалавек

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Страцілі працу і тыя, хто адбываў прысуджаны адміністрацыйны арышт, у тым ліку цяпер ужо былая загадчыца музея Элеанора Зінкевіч, і нават тыя, каму былі прысуджаны штрафы. Вызваленыя пасады пакуль не занятыя: у Браславе проста няма адмыслоўцаў у музейнай справе, тым болей адмысловага профілю – знаўцаў у галіне традыцыйнай культуры. Паводле сацыяльных сетак установы, там прымаюць наведнікаў, але пад пытаннем даследчыцкая і навуковая праца музея -ёй цяпер папросту няма каму займацца.

Сітуацыя, калі музей вымушаны працаваць у якасці «склада экспанатаў», склалася пасля міліцэйскага «хапуну», што адбыўся ў Браславе ўночы з 21 на 22 снежня мінулага году. Міліцыянты затрымалі васьмярых мясцовых жыхароў, кагосьці з іх адпусцілі пасля складання пратаколаў, але дзве сямейныя пары - Рулевічаў і Зінкевічаў – былі асуджаныя на наступны дзень да адміністрацыйных арыштаў на 15 сутак.

За краты трапілі выбітны браслаўскі ганчар Валеры Зінкевіч, летась узнагароджаны пачэсным званнем «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», гаспадар «Сядзібы ганчара», дзе можна не толькі адпачыць, але і даведацца пра сакрэты гэтага рамяства, і ягоная жонка Элеанора Зінкевіч, стваральніца і загадчыца Музея традыцыйнай культуры, узнагароджаная два гады таму пачэснай граматай Міністэрства культуры. Дарэчы, жанчына скончыла медычны каледж і біялагічны факультэт ВДУ, але трапіла ў Браслаў, дзе пазнаёмілася з будучым мужам, і яе захапіла стыхія народнай культуры. Элеанору Зінкевіч прывабілі традыцыі пляцення з розных матэрыялаў, у тым ліку з саломы. У музеі яна праводзіла майстар-класы па саломапляценні, вывучала народную мастацкую спадчыну Браслаўшчыны, у вялікай ступені дзякуючы ёй старажытная тэхналогія спіральнага пляцення была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

15 сутак за кратамі адбыла майстрыха ў галіне традыцыйнага ткацтва Людміла Рулевіч. Жанчына мае спецыяльнасць кандытара, але шмат гадоў аддала працы ў Музеі трыдацайнай культуры і займалася вывучэннем і папулярызацыяй народных рамёстваў. У суседняй камеры браслаўскага ІЧУ адбываў арышт і яе муж. Гэтыя людзі не былі «апазіцыянерамі», яны чэсна працавалі на дзяржаўнай працы, выконвалі загады кіраўніцтва, ніколі не выказвалі супраць дзейнай улады. Як і тыя іхныя калегі, каго аштрафавалі на 30 базавых велічынь і таксама звольнілі з працы.

Пасля гэтых звальненняў браслаўскаму Музею традыцыйнай культуры пагражае страта непаўторнай спецыфікі: музейная ўстанова паўстала на базе колішняга Дома рамёстваў, і ў ёй праводзіліся заняткі па ткацтве, саломапляценні, вышыўцы і гэтак далей. Майстроў, якія валодалі гэтымі тэхнікамі і маглі навучаць іншых, звольнілі пасля таго, як у іх знайшлі старыя падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі» пасля 2021г. Людзі ўжо панеслі пакаранне па рэшэнні суду, але аддзелу культуры падлося, што гэтага мала.

Ларыса Маляўка