Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, Дзмітрый на працягу трох гадоў, пачынаючы з кастрычніка 2020 года, у сацыяльнай сетцы «Facebook», захоўваў фатаграфію, якая змяшчае выяву з сімволікай бел-чырвона-белага колеру - лагатып з ПЛАТФОРМЫ ГАЛАС НАВІНЫ – выява белай сняжынкі на блакітным фоне.
Работнікі 7-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Віцебскай вобласці палічылі, што мужчына такім чынам «…публічна выказаў свае асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ў адкрытым доступе размясціў інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пры гэтым «правапарушальнік не меў на гэта дазвол ад чыноўнікаў Наваполацкага гарвыканкама.
Пад час апытання ў судзе «правапарушальнік» пацвердзіў, што ў сацыяльнай сетцы «Facebook» меў асабістую старонку, на якой ён размясціў фатаграфіі з выявай сімволікі бел-чырвона-белага колеру.
Улічваючы факты, выкладзеныя ў пратаколе і прызнанне датычнасці да правядзення недазволенага пікету, суддзя Балаболава на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП падвергла Апанасавіча адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе арышту тэрмінам на дзесяць сутак.
Інэса Лугавая