У красавіку 2021г. жыхарку Паставаў асудзілі за тое, што у снежні таго ж года яна размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС Аляксандра Рыбакова ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Дома ў Палянінай сілавікі правялі агляд, падчас якога знайшлі некалькі патронаў ад малакалібернай вінтоўкі. Жанчына тлумачыла, што яны належалі яе бацьку-нябожчыку, але яе прызналі вінаватай і ў незаконным захоўванні зброі і боепрыпасаў.
Шляхам частковага складання пакаранняў: паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 295 Крымінальнага кодэкса (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) Ірыну Палякову асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ірына Паляніна адбывала тэрмін у жаночай калоніі № 24 (Зарэчча, Рэчыцкі раён).
27 траўня 2021 г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ірыну Паляніну палітычнай зняволенай. 11 лістапада 2022 года, за дзесяць дзён да выхаду з калоніі, яе ўключылі ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Алеся Палуян