У судзе быў агучаны пратакол мясцовага РАУС, у якім было напісана, што Вольга без дазволу кіраўніцтва Лепельскага райвыканкама правяла пікетаванне з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў. Гэта выявілася ў тым, што яна на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» была падпісаная на групу, на лагіне якой размешчана «пратэстная сімволіка» - бел-чырвона-белы сцяг і выява вершніка на кані з мячом і шчытом у руках.
Акрамя таго, там жа ў раздзеле "ўсе адзнакі "падабаецца" захоўвала з мэтай распаўсюджвання інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Суддзя Васюк палічыў, што матэрыяламі, якія паступілі з міліцыі, даказана віна і дачыненне да здзяйснення Мадатавай улічаных ёй правапарушэнняў.
І на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП і ч.2 арт.19.11КаАП суддзя пакараў жанчыну на дзесяць сутак па кожным артыкуле. Шляхам частковага складання канчаткова вызначыў ёй спагнанне ў выглядзе арышту на тэрмін у 11 сутак.
Людміла Піменава