Сёлета гэта ўжо другі суд над краязнаўцам, раней мужчыну судзілі 24 студзеня. Суд Верхнядзвінскага раёна аштарафаў яго на 20 базавых велічыняў (740 беларускіх рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона. Падставай стала тое, што міліцыянты знайшлі ў яго сацыяльнай сетцы “Фэйсбук” інфармацыю, якая ўключаная ў спіс так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Прыцягвалі яго да адказнасці па “народным артыкуле” - па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП.
Антон Бубала - ганаровы грамадзянін Верхнядзвінскага раёна, паэт, грамадскі дзеяч, актыўны турыст, стваральнік Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея, былы старшы навуковы супрацоўнік, чалавек незвычайнага таленту і розуму. Так калісьці пра яго пісала мясцовая раёнка.
Як стала вядома, у панядзелак, 11 верасня, разам з Антонам Бубалам будуць судзіць за так званы экстрэмізм яшчэ траіх верхнядзвінцаў – Наталлю Лакотку, Валера Туранка, Анатоля Селівончыка. Таксама вядома пра вобшукі ў горадзе, у тым ліку ў Сяргея Бут-Гусаіма.
Падобна на тое, што на гэтым тыдні ў Верхнядзвінску быў “хапун”.
Рыта Каткова