Паводле пратаколаў, якія сталі асноўным доказам у судзе, Сяргей Мацюк змясціў у Telegram рэпосты з двух інтэрнэт-рэсурсаў, інфармацыйная прадукцыя якіх прызнаная ў Беларусі «экстрэмісцкай». Падсудны не аспрэчваў таго факту, што старонка ў Тelegram, дзе з“явіліся публікацыі, належыць яму асабіста, і рэпосты рабіў ён. З улікам гэтага прызнання і таго, што раней да адміністрацыйнай адказнасці Сяргея Мацюка не прыцягвалі, Ірына Яскевіч пастанавіла пакараць падсуднага арыштам на 5 сутак.
Старшыня Мёрскага суду часта разбірае «палітычныя» справы: два тыдні таму арыштам на 7 сутак яна пакарала жыхара Мёраў Юрыя Варанько, 17 траўня да 7 сутак арышту ёй быў асуджаны электраманцёр Уладзімір Граковіч, 29 траўня на 7 сутак быў асуджаны ксёндз з Ідолты Вячаслаў Адамовіч. У красавіку Ірына Яскевіч асудзіла на 7 сутак працаўніка мясакамбіната Яўгена Бурака і пакарала штрафамі мясцовых жыхарак Тамару Масленік і швачку Людмілу Лазоўскую. Усё гэта – пакаранні, прысуджаныя за апошнія месяцы толькі за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Вядомая Ірына Яскевіч яшчэ й тым, што за каментары ў інтэрнэце асудзіла на 2 гады калоніі настаўніцу-пенсіянерку Эму Сцепулёнак
прызнаўшы яе вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады).
Таццяна Пісклёнак