Гісторыя, якая скончылася судом, пачыналася вельмі проста. Увечары з 5 на 6 жніўня жыхар Барані адпачываў у вулічнай кавярні (філіяле кавярні «Замкавае) каля былога калегіума езуітаў. Адпачынак суправаджаўся ўжываннем алкаголю, і бліжэй да поўначы нецвярозы грамадзянін, не стрымаўшы паўнаты пачуццяў, выгукнуў «Жыве Беларусь!». Гэта пачуў міліцэйскі патруль, міліцыянта склалі рапарт свайму кіраўніцтву і атрымалі загад затрымаць грамадзяніна, што і адбылося ў панядзелак 7 жніўня.
Суд адбыўся на наступны дзень. Суддзя вынес пастанову, абапіраючыся на сведчанні міліцыянтаў і складзеныя імі ж дакументы: рапарт, пратакол пра адміністрайцыйнае правапарушэнне, пратакол пра затрыманне за згаданае правапарушэнне. Дзеля падмацавання сваёй пазіцыі суд запытаўся ў Аршанскім райвыканкаме, ці падаваў нецвярозы грамадзянін заяўку на правядзенне пікетавання ў вулічнай кавярні. Атрымаўшы адмоўны адказ, суддзя вынес пастанову пра арышт. У пастанове асобна падкрэслена, што абвінавачаны і раней быў неаднаразова прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку «за аналагічнае правапарушэнне».
Падобны інцыдэнт суддзя Мікалай Драгуноў разбіраў 18 траўня гэтага году. Тады за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне ён прысудзіў 10 сутак арышту жыхару Оршы. Той таксама быў нецвярозы, калі на аўтобусным прыпынку крыкнуў «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне». Тым разам ініцыятарам адміністрацыйнай справы быў чалавек у вайсковай форме, да якога нецвярозы аршанец звярнуўся з пытаннем пра стаўленне вайскоўцаў да вайны ва Украіне – ён патэлефанаваў у міліцыю і паскардзіўся на «апазіцыйныя лозунгі»
Юрка Жмых