Серада, 12 Красавік 2023

За здымак расійскай вайсковай тэхнікі жыхар Оршы атрымаў два гады калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Такое пакаранне вынесла суддзя суда Віцебскага абласнога суда Галіна Бондал у дачыненні  27-гадовага жыхара Воршы палітвязня Яраслава Казакевіча, абвінавачанага ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. 

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў 8 гадзін 8 снежня 2022 года на чыгуначным вакзале станцыі «Орша-Цэнтральная» з выкарыстаннем мабільнага тэлефона  вырабіў відэафайл, на якім быў зафіксаваны эшалон з расійскай ваеннай тэхнікай.

Затым Казакевіч, знаходзячыся ў вагоне цягніка рэгіянальных ліній, распаўсюдзіў праз сетку Інтэрнэт відэаролік у Telegram-канале, інфармацыйная прадукцыя якога раней была прызнана судом экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Літаральна на наступны дзень, 9 снежня, Яраслаў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і судом Аршанскага раёна арыштаваны на 15 сутак за выраб і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19. 11 КаАП). На волю ён болей не выйшаў.

Падчас допыту ў Аршанскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта падазраваны распавёў следчаму, што падпісаны на розныя экстрэмісцкія Telegram-каналы, бачыў публікацыі з падобнымі відэа і фатаграфіямі. Калі заўважыў вайсковую тэхніку, зняў яе на мабільны тэлефон, і ўжо ў цягніку адправіў відэа “экстрэмістам”.

З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду пастанавіла прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Васілій Ломаў