Крымінальная справа супраць удзельнікаў «Рабочага руху» – аб’яднання працоўных, якія былі не згодныя з тым, што адбываецца ў краіне, была распачатая ўвосень 2021г. Пасля таго, як 21 верасня 2021 г. гэтую арганізацыю прызналі экстрэмісцкай, па ўсёй краіне пачаліся затрыманні
Ігар Мінц быў затрыманы ў Наваполацку 23 верасня 2021г., за дзень да таго ў яго дома правялі ператрус. Некаторы час Мінца трымалі ў менскім СІЗА КДБ, пазней перавялі ў гомельскі СІЗА разам з іншымі падазраванымі. Усе 10 фігурантаў гэтай крымінальнай справы былі прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі.
Суд над над удзельнікамі «Рабочага руху» распачаўся яшчэ 9 лістапада мінулага году, большая частка працэсу праходзіла ў закрытым рэжыме. Крымінальная справа складалася з 38 тамоў, у тым ліку сакрэтных. Паводле судовага выраку, апроч 12-гадовага зняволення навапалачаніну Ігару Мінцу належыць выплаціць штраф памерам 100 базавых велічыняў. Іншыя ўдзельнікі «Рабочага руху» таксама асуджаны да пазбаўлення волі – на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Міхась Хмара