Дзмітрый Седун жыве з маці ў Полацку, да затрымання працаваў вахтавым метадам у Расіі. Раней прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.
Па матэрыялах абвінавачання Дзмітрый Седун, 31 студзеня 2022 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона патэлефанаваў на лінію “102” і пад час размовы з дзяжурным супрацоўнікам міліцыі дапусціў выказванні ў непрыстойнай форме ў бок прэзідэнта Беларусі, чым абразіў яго. Лінгвістычная экспертыза пастанавіла, што ягоныя словы з’яўляюцца ненарматыўнай формай маўленчага выказвання.
Сваю віну ў судзе прызнаў часткова, адзначыў, што намеру на абразу ў яго не было.
У суд былі запрошаныя сведкі - сястра і маці абвінавачанага. Аднак яны адмовіліся сведчыць супраць брата і сына.
Сведка, начальнік змены службы “102”, Сяргей Кісялёў на суд не з’явіўся, але прасіў прыняць да ўвагі ягоныя паказанні, дадзеныя пад час следства. Міліцыянт сцвярджае, што 31 студзеня 2022 года на лінію пазваніў нецвярозы мужчына, пацікавіўся ў дзяжурнага адказнасцю за абразу прадстаўніка органаў унутраных спраў, а затым пачаў усіх абражаць, у тым ліку і прэзідэнта.
Не з’явіўся ў суд сведка Сазонаў, чые паказанні істотныя для працэсу. Суддзя абвясціў перапынак да 1 чэрвеня, каб забяспечыць яўку сведкі ў суд.
Іван Чайка