Суд над Уладзімірам Мунякіным пачаўся ў Віцебску яшчэ ў кастрычніку. Крымінальную справу разбіраў суддзя Міхаіл Зубеня.
Паводле пастановы суду Віцебскага раёну, абвінавачаны ў перыяд з 2017-га да 2020 году праводзіў рэкламную кампанію ў інтэрнэце, называючы сябе дырэктарам і заснавальнікам прадпрыемства «АГІС ПРО», зарэгістраванага ў Расейскай Федэрацыі. Па звестках следства, кампанія Мунякіна фактычна не ажыццяўляла ніякай фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Абвінавачаны нібыта браў пазыкі ад насельніцтва для адкрыцця новых вытворчасцяў і ўкаранення новых тэхналогіяў у межах праектаў «Сацыяльная бяспека» і «Інтэрнэт-ІІ». У прысудзе сцвярджаецца, што Мунякін загадзя не меў намеру выконваць абавязкі па вяртанні сродкаў. Такім чынам завалодаў маёмасцю 124-х пацярпелых на агульную суму 145614,77 рублёў.
Цікава, што, па версіі следства, махлярскую схему Мунякін пачаў ажыццяўляць яшчэ на пачатку 2017 году. Але «зацікавіліся» ім толькі тады, калі той агучыў свае палітычныя амбіцыі. Таксама на сваім ютубе-канале «Сацыяльная бяспека» падчас масавых акцый у 2020 годзе заклікаў аказваць супраціў міліцыянтам. Начальнік віцебскага ГУБАЗіКу назваў яго тады «радыкальна палітызаваным блогерам».
Уладзімір Мунякін прызнаны вінаватым у авалодванні маёмасцю шляхам махлярства і на падставе ч.4 арт. 209 КК пакараны пазбаўленнем волі на 6 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 150 базавых велічынь.
Як паведамляецца, з Мунякіна ўжо спагналі на карысць 39 пацярпелых больш за 115 тысяч рублёў, таксама ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды, заяўленай 5 пацярпелымі, – 2002 рублі. Спагнаная таксама дзяржпошліна – 1292 рублі.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Уладзіміра Мунякіна затрымалі 2 снежня 2020 году ў Варонежскай вобласці Расейскай Федэрацыі. Паводле яго слоў, ён паехаў да сваякоў, каб перачакаць, пакуль здымуць каронавірусныя абмежаванні ў Маскве. На той момант у Беларусі супраць яго ўжо была распачатая крымінальная справа за махлярства. Нібыта для рэалізацыі сваіх амбіцыйных планаў ён збіраў у людзей грошы, абяцаючы вялікі прыбытак, але абяцанні не выканаў. Як перадавала прэс-служба МУС, ён, апроч таго, абяцаў перамагчы на выбарах Лукашэнку, а збор сродкаў ладзіў «пад выглядам прэзідэнцкай кампаніі».
Янка Прас