«Гэта скандал і правал сацыяльнай палітыкі віцебскімі абласнымі ўладамі!» – лічаць праваабаронцы, каментуючы сітуацыю з закрыццём грамадзянскіх асацыяцый. Сапраўды, ліквідаваныя асацыяцыі грамадзян, якія шмат гадоў рабілі для жыхароў гораду і вобласці шмат важных і неабходных спраў.
«Віцебскі жаночы клуб» атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю ў снежні 1996 году, сябры клубу вялі актыўную дзейнасць больш за чвэрць стагоддзя. Асноўнай мэтай сваёй дзейнасці, аб якой публічна заяўлялі сябры арганізацыі, была рэалізацыя сацыяльных і культурна-адукацыйных праграм для жанчын і іх асяроддзя. У актыве абʼяднання жанчын – шматгадовая барацьба з ВІЧ/СНІД. Арганізацыя рэалізавала значныя для Віцебску праекты ў галіне ВІЧ\СНІД. Напрыклад, «Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі сярод жанчын-наркаспажыўцоў і іх асяроддзя ў г. Віцебску», «Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі сярод ЖСБ», «Ацэнка ўзроўню распаўсюджвання наркаспажывання ў Беларусі», «Кансалідацыя намаганняў жаночых ГА ў галіне ВІЧ\СНІД».
У 2017 годзе, «Віцебскі жаночы клуб» увайшоў у лік 17 рэгіянальных грамадскіх арганізацый, якія дапамагалі людзям спраўляцца з цяжкімі інфекцыйнымі захворваннямі, утварылі агульнарэспубліканскую сеткавую арганізацыю «БелСетка антыСНІД».
Грамадскае абʼяднанне «Віцебскае абласное таварыства хворых на гемафілію» было зарэгістраванае 16 сакавіка 1995 году. З моманту свайго існавання ў таварыства ўваходзілі інваліды 1-2 груп з дзяцінства з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, у тым ліку і непрацаздольныя маладыя людзі ва ўзросце 17-18 год.
Цяпер у Віцебскай вобласці больш за 100 чалавек, якія пакутуюць ад гемафіліі. Хворым заўсёды была патрэбная дадатковая медычная і матэрыяльная дапамога, бо яны атрымліваюць мінімальную пенсію, якая ніжэйшая за пражыткавы мінімум.
На думку віцебскіх абаронцаў правоў чалавека, асабліва цынічна выглядае ліквідацыя найстарэйшых сацыяльных арганізацый у дні, калі ў горадзе праводзіцца кампанія па абмеркаванні паправак у Канстытуцыю.
«Віцебскія чыноўнікі ўжо не саромеюцца татальна парушаць усе грамадскія і палітычныя правы грамадзян, у тым ліку і права жыхароў вобласці на асацыяцыі», – лічаць праваабаронцы.
Васіль Крупнік