Пятніца, 22 Кастрычнік 2021

У Віцебску пачалі судзіць Уладзіміра Мунякіна: абяцаў перамагчы Лукашэнку і пабудаваць 400 заводаў у Кітаі

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Уладзімір Мунякін Уладзімір Мунякін

У судзе Віцебскага раёну 21 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні 63-гадовага мясцовага прадпрымальніка Уладзіміра Мунякіна, вядомага сваімі напаўфантастычнымі пражэктамі. Яго абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры (ч.4 арт. 209 КК). Па версіі следства, Мунякін прысабечыў больш за 147 тысяч рублёў грамадзян. Але зацікавіліся ім толькі пасля палітычных заяваў. Цяпер яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Крымінальную справу разбірае суддзя Міхаіл Зубеня.

«Радыкальна палітызаваны блогер»

Уладзіміра Мунякіна затрымалі 2 снежня 2020 году ў Варонежскай вобласці Расейскай Федэрацыі. Паводле яго слоў, ён паехаў да сваякоў, каб перачакаць, пакуль здымуць каронавірусныя абмежаванні ў Маскве. На той момант у Беларусі супраць яго ўжо была распачатая крымінальная справа за махлярства. Нібыта для рэалізацыі сваіх амбіцыйных планаў ён збіраў у людзей грошы, абяцаючы вялікі прыбытак, але абяцанні не выканаў. Як перадавала прэс-служба МУС, ён, апроч таго, абяцаў перамагчы на ​​выбарах Лукашэнку, а збор сродкаў ладзіў «пад выглядам прэзідэнцкай кампаніі».

Цікава, што, па версіі следства, махлярскую схему ён пачаў ажыццяўляць яшчэ на пачатку 2017 году. Але «зацікавіліся» Мунякіным толькі тады, калі той агучыў свае палітычныя амбіцыі. Таксама на сваім ютубе-канале «Сацыяльная бяспека» падчас масавых акцый у 2020 годзе заклікаў аказваць супраціў міліцыянтам. Начальнік віцебскага ГУБАЗіКу назваў яго тады «радыкальна палітызаваным блогерам».

На думку боку абвінавачвання, ахвярамі Мунякіна сталі дзясяткі даверлівых грамадзян, якія цягам доўгага часу пералічвалі яму грошы – у асноўным невялікія сумы, па 100-200 рублёў.

Грамадзяне перавялі 147 тыс. рублёў

Памочнік пракурора гораду Віцебску Сяргей Маслоўскі некалькі гадзін агучваў «эпізоды злачыннай дзейнасці» Мунякіна. Называў прозвішчы пацярпелых і пералічаныя імі сумы. Усяго назбіралася больш за 147 тысяч рублёў.

Па інфармацыі абвінавачання, Уладзімір Мунякін «у перыяд з 20 лютага 2017 году да 30 лістапада 2020 году, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы на тэрыторыі рэспублікі Беларусь, у тым ліку на тэрыторыі гораду Віцебску і гораду Ворша, маючы адзіны злачынны намер, накіраваны на супрацьпраўнае завалоданне чужой маёмасцю ў асабліва буйным памеры шляхам падману, то бок шляхам махлярства, не маючы рэальных праектаў і праграм па арганізацыі вытворчасцяў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў», браў з людзей розныя сумы грошай, называючы сябе заснавальнікам і дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое было зарэгістраванае ў Маскве. Ладзіў сустрэчы з грамадзянамі, арганізоўваў перамовы, пры гэтым, па словах пракурора, ніякай рэальнай дзейнасці фірма не ажыццяўляла.

Не мае грошай на адваката

Яшчэ да пачатку разгляду справы Мунякін заявіў, што ў дамовах, якія ён заключаў з грамадзянамі, не было абавязкаў пабудаваць горад на 2 млн. жыхароў у Беларусі, а таксама 400 заводаў у Кітаі.

«Следчыя выкарыстоўваюць інфармацыю, якую яны атрымалі падчас допытаў ад удзельнікаў праекту. А тыя запомнілі адно фрагменты маіх выступаў на ютуб-канале, дзе я выказваўся аб магчымых перспектывах – калі зможам сабраць дастаткова грошай», – заявіў Уладзімір Мунякін.

Але таксама сказаў, што не адмаўляецца ад сваіх абяцанняў і выканаў бы іх, калі б не лакдаўн, праз які не мог патрапіць у Маскву і весці справы фірмы.

На працэсе інтарэсы Мунякіна абараняе адвакат, прапанаваны дзяржавай. Як патлумачыў падсудны, ён не мае грошай, каб наняць адваката. Таксама падаў хадайніцтва з просьбай крымінальную справу ў дачыненні да яго закрыць, а расследаванне спыніць і вызваліць яго з-пад варты. Суддзя Зубеня далучыў яго хадайніцтва да матэрыялаў справы і паабяцаў прыняць рашэнне пасля завяршэння судовага працэсу.

Уладзімір Бяляўскі