Субота, 13 Лістапад 2021

Аршанцу прысудзілі паўтара года «хіміі» за абразу ў «Аднакласніках» супрацоўніка МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суд Аршанскага раёна і Воршы за абразу ў сацыяльных сетках работніка міліцыі прысудзіў мясцовага 55-гадовага жыхара да пакарання ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Суд таксама абавязаў аршанца выплаціць міліцыянту матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды.

Падчас судовага следства ўстаноўлена, што 19 студзеня 2021 году падсудны з выкарыстаннем ноўтбука размясціў са свайго акаўнту ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» абразлівы каментар на адрас супрацоўніка РАУС адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні.

На судзе мужчына прызнаў віну ў поўным аб'ёме, прынёс пацярпеламу супрацоўніку міліцыі прабачэнне.

Свой учынак патлумачыў тым, што кіраваўся агульнымі негатыўнымі настроямі ў грамадстве ў дачыненні да супрацьпраўных дзеянняў работнікаў міліцыі, якія сілавымі метадамі душылі пратэставыя выступы беларускіх грамадзян.

Пагадзіўшыся з бокам абвінавачвання, суд пастанавіў абвінаваўчы прысуд паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 1 год 6 месяцаў.

Суд таксама задаволіў грамадзянскі пазоў міліцыянта і абавязаў аршанца выплаціць яму матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў.

Прысуд яшчэ не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ці апратэставаны ў апеляцыйнай інстанцыі – Віцебскім абласным судзе.

Віталь Кажух