Справу разбірае суддзя Ганна Тылец. На пачатку паседжання адвакат Андрэя Кузняцова заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы даведкі з Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру пульманалогіі і педыятрыі, паводле якой ягоны падабаронны ад 12 лістапада знаходзіцца там на стацыянарным лячэнні.
Суддзя далучыла дакумент да справы і разгледзела пытанне «аб магчымасці прадоўжыць разгляд справы без абвінавачанага Кузняцова і пацярпелай Шабуні». Старшая пракурорка аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Драгель заявіла, што «судовае следства без удзелу названых асоб не ўяўляецца магчымым».
Пасля невялікага перапынку суддзя пастанавіла «спыніць судаводства ў справе па абвінавачанні Кузняцова ў сувязі з хваробай абвінавачанага да ягонага выздараўлення». Меру стрымання для Андрэя Кузняцова пакінулі ранейшай. Ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Суддзя Вікторыя Шабуня зʼяўляецца адным з «лідараў» па вынясенні палітычных прысудаў. Журналісты назвалі яе «ўдарным малатком рэжыму». Прыкладам, у жніўні 2020 году яна асудзіла на 10 сутак арышту «дыджэяў перамен» Уладзіслава Сакалоўскага і Кірыла Галанава. Як палічылі журналісты «Еўрарадыё», толькі за чатыры месяцы, якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў, яна адправіла за краты (па адміністрацыйных справах) удзельнікаў масавых мірных акцый агулам на 532 дні арышту.
Апроч таго, Вікторыя Шабуня вынесла прынамсі 12 абвінаваўчых палітычных прысудаў у крымінальных справах і адправіла ў калонію 9 чалавек. Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргея Канапца прысудзіла да пяці з паловай гадоў няволі. Яго прызналі вінаватым у перадачы інфармацыі ў чат-бот аб перамяшчэнні тэхнікі сілавікоў.
Уладзімір Бяляўскі