Скаргу ў Віцебскім абласным судзе разглядала суддзя Святлана Іванова.
41-гадовы Аляксандр Балонкін быў затрыманы проста на працоўным месцы 27 верасня пасля ператрусу. Яму выставілі абвінавачанне ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 19.11 КаАП). На судзе ў Наваполацку (суддзя Зінаіда Балаболава) інжынер-канструктар не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што ён наагул не мае акаўнту ў «Інстаграме».
У абласным судзе суддзя Іванова паведаміла, што Аляксандр быў «прызнаны вінаватым у тым, што, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы ў неўстаноўлены час 18 траўня распаўсюдзіў у інтэрнэце на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Інстаграм» інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, што было выяўлена ў выніку маніторынгу супрацоўнікамі Наваполацкага РАУС».
У сваёй скарзе Аляксандр Балонкін заявіў, што справа была разгледжаная «аднаасобна, няпоўна і неаб'ектыўна, з істотнымі парушэннямі патрабаванняў заканадаўства». Зазначыў, што ягоная віна не была даказаная матэрыяламі справы. І на гэтай падставе прасіў пастанову наваполацкага суду адмяніць.
Суддзя Святлана Іванова не стала ўлічваць довады супрацоўніка «Нафтану». Яна пастанавіла пакінуць скаргу без задавальнення, а рашэнне суду гораду Наваполацку – без зменаў.
Уладзімір Бяляўскі