Аўторак, 07 Верасень 2021

У Віцебску пачаўся працэс над Алегам Баразной і Аляксандрам Мацеюком. Іх вінавацяць па «наркатычным» арт. 328

Ацаніць гэты матэрыял
(9 галасоў)

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 7 верасня пачаўся судовы працэс над актывістамі «Краіны для жыцця» Алегам Баразной і Аляксандрам Мацеюком. Ім выставілі абвінавачанні паводле «групавой» часткі 3 арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў»). Мацеюка абвінавачваюць, апроч таго, паводле ч. 2 арт. 332 КК («Арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркотыкаў»). Зазначым, што ч.3 арт. 328 КК прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Працэс вядзе суддзя Дзяніс Аляксеенка. З боку абвінавачвання выступае памочнік пракурора гораду Віцебску Аляксандр Філіпенка. На першае паседжанне змаглі трапіць не ўсе слухачы.

Паводле абвінавачання, З лістапада 2020 году супрацоўнікі МУС сачылі за актывістамі. У гаражы Мацеюка былі ўсталяваныя прылады для аўдыё- і відэазапісу. Таксама вялася праслухоўка тэлефонных перамоваў. Некаторыя перамовы былі агучаныя пракурорам падчас паседжання. Аказваецца, яшчэ да моманту затрымання супрацоўнікі МУС фіксавалі ўсе наведванні гаража Мацеюка. Апроч Мацеюка, Баразны, яго наведвалі яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку «неўстаноўленыя асобы».

«Ніякага прытону не было»

Сваю віну Алег Баразна і Аляксандр Мацяюк па арт. 328 цалкам адмаўляюць.

Аляксандр Мацяюк часткова прызнаў сябе вінаватым па арт. 332 КК. Заявіў, што прызнае сябе вінаватым па першай частцы, але не па другой, якою яму інкрымінуюць. «Ніякага прытону не было. Я даваў памяшканне», – заявіў напачатку працэсу падсудны.

Алег Баразна паскардзіўся суддзі на дзеянні канваіраў і адміністрацыі СІЗА-2. Па яго словах, на яго справе ёсць чырвоная палоска - як падазраванага ў крымінальнай справе па падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, таксама ён пастаўлены на ўлік як чалавек схільны да экстрэмізму. Але крымінальную справу ў дачыненні яго за падрыхтоўку масавых беспарадкаў закрылі.

Палітыка ці марыхуана?..

Аляксандр Мацяюк і Алег Баразна былі затрыманыя ўвечары 9 лютага 2021 году напярэдадні так званага Усебеларускага народнага сходу. Супраць іх завялі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў (артыкул 328 КК РБ). Праз 2 месяцы, 15 красавіка, на Тэлеграм-канале «Вашы сливы» з'явіўся відэаролік, на якім Баразна распавядае пра свой удзел у перадвыбарным штабе Святланы Ціханоўскай. На думку праваабаронцаў, аўтары роліку, якія яго знялі, а затым выклалі ў інтэрнэт парушылі правы актывіста, бо размясцілі ў адкрыты доступ дадзеныя папярэдняга расследавання.

Алег Баразна і Аляксандр Мацяюк прымалі актыўны ўдзел у электаральнай кампаніі 2020 году як актывісты каманды Святланы Ціханоўскай. За гэта ім паводле адміністрацыйных пратаколаў выносілі шматлікія штрафы і «суткі» – як удзельнікам «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў». У жніўні 2020 году падчас выбараў іх кінулі за краты ізалятару часовага ўтрымання.

Няма сумненняў, што пільная ўвага да прыватнага жыцця актывістаў з боку віцебскіх «сілавых структур» была звязаная з іх палітычнай актыўнасцю.

Сочым за працэсам. Наступнае паседжанне адбудзецца 8 верасня (пачатак у 10.00).

Уладзімір Бяляўскі