Следчыя высветлілі, што старшыня выбаркаму падрабіла і падала ў тэрытарыяльную выбарчую камісію пратакол падліку галасоў, у які занесла ілжывыя звесткі. Яна, прыкладам, указала, што адна з палітычных партый атрымала на 40 галасоў больш, чым фактычна за гэтую партыю прагаласавалі на ўчастку.
Крымінальная справа распачатая паводле ч.4 арт. 158-3 («Падаванне фальшывых звестак у орган вядзення дзяржаўнага рэестру выбарцаў альбо фальсіфікацыя выбарчых дакументаў, дакументаў рэферэндуму, вынікаў галасавання ці звестак дзяржаўнага рэестру выбарцаў») Крымінальнага кодэксу Украіны.
Старшыні выбаркаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 7 да 10 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю на тэрмін 5 гадоў.
Па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году крымінальныя справы ў дачыненні кіраўнікоў ці сябраў выбаркамаў не заводзіліся. Адзін з тых, хто прымушаў сваіх падначаленых фальсіфікаваць вынікі выбараў, – былы кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Сташэўскі. Ён вымушаны быў толькі змяніць фатэль кіраўніка адміністрацыі на фатэль намесніка начальніка рэспубліканскага цэнтру па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Працягвае «рабіць надвор'е».
Нагадаем, што 5 ліпеня ў Віцебску вынесуць прысуд віцябляніну Сяргею Ільюшэнку, якога вінавацяць у абразе сумна вядомага старшыні выбаркаму ў Віцебску Сяргея Сташэўскага.
Улады часта пытаюцца зараз у людзей: «Хочаце, як ва Украіне?». «Так! Хачу!» – адказваю я.
Павел Левінаў, праваабаронца