Аўторак, 29 Снежань 2020

Студэнтаў ВДТУ судзяць за відэазварот: Аляксандра Ткачова пасадзілі на 5 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Аляксандра Ткачова пакаралі арыштам на 5 сутак Аляксандра Ткачова пакаралі арыштам на 5 сутак

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 29 снежня разгледзеў адміністрацыйныя справы трох віцебскіх студэнтаў, якія бралі ўдзел у запісе відэазвароту да ўладаў. Ролік са зваротам быў створаны 27 кастрычніка. Студэнтаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 23.23 КаАП). Усіх траіх суд прызнаў вінаватымі. Дзвюх дзяўчат аштрафавалі, студэнту Аляксандру Ткачову прысудзілі 5 сутак арышту.

Да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні былі прыцягнутыя студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту (ВДТУ) Яніна Вакар, Юлія Хомчанка і Аляксандр Ткачоў – удзельнікі відэазвароту да ўладаў, апублікаванага ў інтэрнэце 27 кастрычніка. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, маладыя людзі бралі актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні – публічна выказвалі асабістыя ды іншыя інтарэсы «з наступным размяшчэннем у глабальным сеціве».

«Мне было прыемна ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, але гэта не было пікетаваннем», – сказала на судзе студэнтка IV курсу ВДТУ Яніна Вакар. 

Яна не прызнала сваёй віны і не згадзілася з пратаколам. Тым не менш, суддзя Вольга Шапавал кваліфікавала ўдзел у здымках як незаконнае пікетаванне (ч.1 арт. 23.34 КаАП) і пакарала студэнтку штрафам у памеры 4 базавыя велічыні (108 рублёў).

Яніна Вакар на судзе

Справы Юліі Хомчанка і Аляксандра Ткачова разбірала суддзя Алена Цыганкова. Пасля перапынку, падчас якога суддзя спраўджвала, калі ў студэнтаў пачынаецца сесія, Цыганкова пастанавіла пакараць Аляксандра Ткачова адміністрацыйным арыштам на 5 сутак (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Студэнтку Юлію Хомчанка яна аштрафавала на 5 базавых велічынь (135 рублёў).

Юлія Хомчанка

Раней у дачыненні студэнтаў, якія 27 кастрычніка запісалі відэазварот да ўладаў, праводзілася праверка ў межах крымінальнага працэсу – на наяўнасць прыкметаў злачынства, прадугледжанага арт. 369-3 КК («Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў»). У завядзенні крымінальнай справы было адмоўлена.

Віцебскія студэнты патрабавалі ў роліку спыніць гвалт да людзей, якія мірна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у гвалце і пераследзе, прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі, патрабавалі таксама неадкладнай адстаўкі Лукашэнкі.

Свой зварот студэнты завяршылі лозунгам «Жыве Беларусь!»

Зміцер Міраш