Панядзелак, 23 Лістапад 2020

Менчука аштрафавалі ў Віцебску на 594 рублі за ўдзел у шэсці. Гэта быў яго 4-ы суд

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Аляксей Томашаў Аляксей Томашаў

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў 39-гадовага менчука Аляксея Томашава на 594 рублі за ўдзел у вулічным шэсці (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Такое рашэнне 23 лістапада прыняў суддзя Ілля Белавус. Сваёй віны мужчына не прызнаў.

Аляксей Томашаў жыве ў Менску, але апошнія месяцы гасцюе ў Віцебску. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў вулічным шэсці 25 кастрычніка. У пратаколе міліцыянты запэўнівалі, што мужчына знаходзіўся ў той дзень у групе грамадзян, якія сваімі дзеяннямі «выказвалі пратэст супраць вынікаў выбараў прэзідэнта».

Томашаў з пратаколам не згадзіўся. Патлумачыў, што, азнаёміўшыся з копіяй пратаколу, зайшоў на сайт Цэнтрвыбаркаму і ніякай інфармацыі наконт вынікаў выбараў на ім не знайшоў.

«Вынікаў выбараў па факце няма, таму выказваць пратэст ды абурацца наконт таго, чаго няма, – гэта нерэальна, проста немагчыма», – заявіў абвінавачаны.

Ён таксама выказаў неўразуменне, што ўсё пратаколы складаюцца міліцыянтамі як па шаблоне. Людзям выстаўляюць нават выкрыкванне лозунгу «Жыве Беларусь!», хаця гэта амаль дакладная цытата з дзяржаўнага гімна РБ «вечна квітней і жыві, Беларусь!», заўважыў абвінавачаны.

На відэафайлах, якія міліцыя падала ў суд у якасці доказаў, Томашаў сябе не пазнаў. А сведку з боку міліцыі – маёру Вадзіму Склімянку, задаў толькі адно пытанне – пра вопратку, у якой тады пратэставаў. Уцямнага адказу супрацоўнік МУС не даў. «Прыдумаў жа, пра што пытацца!» – адрэагаваў маёр міліцыі, спаслаўшыся на тое, што цяпер праз яго рукі праходзяць сотні затрыманых, таму запомніць усіх немагчыма.

Нягледзячы на хісткія доказы, суддзя Ілля Белавус прызнаў Аляксея Томашава вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакараў яго штрафам у памеры 22 базавыя велічыні (594 рублі).

Для Аляксея Томашава гэта быў ужо чацвёрты па ліку суд у Віцебску паводле арт. 23.34 КаАП. Раней мужчыну таксама штрафавалі, а да судоў трымалі ў мясцовым ІЧУ (СІЗА). Агулам ён правёў за кратамі ў Віцебску 5 сутак.

Зміцер Міраш