Паводле міліцэйскага пратаколу, 6 верасьня Станіслава Цярэнцьева ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсьці, а менавіта – рухалася ў кампаніі грамадзянаў, якія трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі і выгуквалі лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Лукашэнка сыходзь!».
Свайго ўдзелу ў мітынгу віцяблянка не адмаўляла, але вінаватай сябе ня лічыць, бо Канстытуцыя гарантуе свабоду сходаў. Як патлумачыла на судзе Цярэнцьева, гэткім чынам яна выказала салідарнасьць зь людзьмі, якія зазналі гвалт пры затрыманьнях. Беручы ўдзел у шэсьці, яна хацела паказаць, што выступае супраць гвалту.
Станіслава Цярэнцьева сьцьвердзіла, што лёзунгаў не выгуквала, мела пры сабе толькі дзяржаўны сьцяг Швэйцарыі – белы крыж на чырвоным полі.
«Ён не забаронены, і я вырашыла, што магу яго ўзяць з сабой», – патлумачыла дзяўчына.
Як высьветлілася, у Кастрычніцкім РАУС на Станіславу быў складзены раней яшчэ адзін пратакол, аднак у суд ніякіх матэрыялаў ніхто не перадаваў. Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, судзьдзя Ільля Белавус зрабіў перапынак, пасьля якога вынес канчатковае рашэньне: аштрафаваць Цярэнцьеву на 12 базавых велічынь (324 рублі).
С. Горкі