Справу разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня. Згодна з пратаколам, 23 жніўня Уладзімір Тэн знаходзіўся перад уваходам у ГЦ «Марка-Сіці» і браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. «Стаяў у групе грамадзянаў, якія сабраліся з мэтай выказвання пратэсту супраць сітуацыі, якая склалася ў Рэспубліцы Беларусь, выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Верым, можам, пераможам!» – гаворыцца ў пратаколе.
На судзе лекар-студэнт паведаміў, што, ідучы на акцыю, пачытаў Канстытуцыю РБ, і ведаў, што мае права выказваць свае меркаванні, але не ўяўляў сабе, што гэта можна рабіць толькі «з дазволу выканаўчых органаў у пэўных месцах».
Адказваючы на пытанне суддзі, навошта ён пайшоў на акцыю, Уладзімір патлумачыў, што «ад 9 да 10 жніўня разам з брыгадай працаваў і ў ізалятары гораду Віцебску». «Я бачыў усё, што там адбывалася, бачыў, што там рабілі з людзьмі, а таксама добра ведаў пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі і палічыў неабходным выйсці і выказаць сваё стаўленне», – сказаў Уладзімір Тэн.
Суддзя Міхаіл Зубеня, «улічваючы дадзеныя асобы», вырашыў, паводле яго словаў, «накласці спагнанне, набліжанае да мінімальнага», і аштрафаваў студэнта медуніверсітэта на 5 базавых велічынь (135 рублёў). Судовае рашэнне Уладзімір Тэн абскарджваць пакуль не плануе.
Уладзімір Бяляўскі