Уладзіміра Булаўскага затрымалі 11 верасня і пасля складання пратаколаў змясцілі ў віцебскі ІЧУ. 14 верасня ягоную справу разгледзеў праз скайп суд Кастрычніцкага раёну. Разбірала яе суддзя Іна Грабоўская.
Міліцыянты абвінавацілі Булаўскага ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах 10 і 21 жніўня (у справе – два пратаколы). Паводле пратаколаў, актывіст браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 10 жніўня і ў шэсці 21 жніўня («граў на барабане ў групе грамадзян, якія выкрыквалі лозунгі і трымалі ў руках плакаты…»).
Булаўскі не прызнаў сябе вінаватым у правапарушэнні 10 жніўня. Патлумачыў, што, калі яго затрымлівалі, проста стаяў з сябрам на прыпынку і чакаў аўтобуса, каб даехаць да кавярні «Бісквіт». Свой удзел у шэсці 21 жніўня не адмаўляў. Сказаў, што сапраўды граў на барабане і падтрымаў шэсце, рэалізаваўшы тым самым свае канстытуцыйныя правы.
«Лічу, што гэта палітычны ціск на мяне за ўдзел у мірных акцыях», – заявіў Булаўскі наконт свайго затрымання і змяшчэння ў ІЧУ.
Суддзя Іна Грабоўская прызнала актывіста вінаватым і прызначыла пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на 8 сутак. Удакладніла, што адлік тэрміну пакарання адлічваецца ад 13.50 гадзін 13 верасня. Патлумачыла, што двое сутак, якія Булаўскі правёў у ізалятары да 13 верасня, не маюць дачынення да працэсу паводле арт. 23.34.
Стала таксама вядома, што Уладзіміра Булаўскага вінавацяць і ў правапарушэнні, прадугледжаным арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Справу, заведзеную на Булаўскага паводле гэтага артыкулу, разгледзяць у судзе Кастрычніцкага раёну 17 верасня (дакладны час пакуль невядомы). Артыкул 17.1 прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 30 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт.
Зміцер Міраш