Суд Чыгуначнага раёну Віцебску разгледзеў 15 верасня справу, распачатую ў дачыненні лекаркі Віцебскага анкадыспансеру Ганны Гайдаш. Міліцыянты склалі на дзяўчыну два пратаколы – за ўдзел у несанкцыянаваных шэсцях 30 жніўня і 6 верасня. Паводле пратаколаў, лекарка-анколаг ішла наперадзе калоны з плакатам, выкрыквала лозунгі «Гэта наш горад!» і «Жыве Беларусь!», а 6 верасня знаходзілася нават у счэпцы грамадзянаў.
Ганна Гайдаш прызнала сваю віну часткова, сцвердзіўшы, што ніякіх асабістых інтарэсаў падчас шэсця не выказвала – толькі грамадскія, а менавіта – сваю пазіцыю супраць гвалту. Суддзя Сьвятлана Варатынская, даведаўшыся, колькі зарабляе ўрач-анколаг, пастанавіла пакараць яе штрафам у памеры 4 базавых велічынь (108 рублёў).
Суд Кастрычніцкага раёну разбіраў справы віцяблян Дзмітрыя Бугаёва і Міхаіла Бекніязава. Іх таксама вінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Афіцэра запасу Бекніязава, які 12 гадоў адслужыў у спецназе, вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці 23 жніўня. Суддзя Ілля Белавус прызнаў яго вінаватым і аштрафаваў на 8 базавых велічынь (216 рублёў).
На судзе Міхаіл Бекніязаў заявіў, што браў удзел у акцыях, бо «крыўдна глядзець на тое, што адбываецца, і як дыскрэдытуецца беларускае войска».
Той жа суддзя Белавус пакараў штрафам у памеры 13 базавых велічынь і віцябляніна Дзмітрыя Бугаёва (за ўдзел у шэсці 6 верасня).
Суд Першамайскага раёну накіраваў 15 верасня справу, распачатую супраць віцебскага музыкі і прадпрымальніка Максіма Жукава на дапрацоўку. Суддзя Наталля Карабліна вырашыла, што Жукава трэба судзіць паводле частцы 3 артыкулу 23.34, а не па 1-й частцы, якая была выстаўленая ў міліцэйскім пратаколе.
Тая ж Карабліна была вымушаная ў гэты ж дзень скасаваць адміністрацыйную справу ў дачыненні віцябляніна Рыгора Бельскага, які быў затрыманы 11 жніўня, калі проста пераходзіў дарогу. Пасля затрымання Рыгор двое сутак правёў у ізалятары. Справу спынілі праз недаказанасць ягонай віны.
Зміцер Міраш