Пятніца, 21 Люты 2020

Абласны суд пакінуў блогера Алеся Круткіна за кратамі віцебскага ІЧУ

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Алесь Круткін на судзе ў Віцебску. Фота: «Шэры Кот» Алесь Круткін на судзе ў Віцебску. Фота: «Шэры Кот»

21 лютага судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова разгледзела скаргу актывіста Алеся Круткіна на рашэньне суду Кастрычніцкага раёну, які прысудзіў яму 15 сутак арышту за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!». Скарга засталася без задавальненьня.

12 лютага суд Кастрычніцкага раёну Віцебску (судзьдзя Ільля Белавус) пакараў блогера Алеся Круткіна 15 суткамі арышту, а актывістку Натальлю Спірыдонаву 30 базавымі велічынямі штрафу – за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!», якую яны разьмясьцілі на будынку абласной пракуратуры. Іх дзеяньні былі кваліфікаваныя як несанкцыянаванае пікетаваньне (арт. 23.34. КаАП).

Разгляд скаргі ў Віцебскім абласным судзе прайшоў без удзелу самога актывіста – зь ізалятару часовага ўтрыманьня на суд яго не прывезьлi. Такім чынам, Алесь Круткін ня меў магчымасьці адстойваць свае інтарэсы ў судовым паседжаньні. Нагадаем, у ІЧУ ён быў зьмешчаны яшчэ 27 студзеня.

Судзьдзі Ірыне Смаляковай спатрэбілася ўсяго дзьве хвіліны, каб разгледзець скаргу. Яна проста агучыла сваю пастанову «пакінуць рашэньне суду бязь зьменаў, а скаргу – без задавальненьня».

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.