Панядзелак, 07 Кастрычнік 2019

Жыхару Шумілінскага раёну далі 15 гадоў за лютае забойства на малочнай фэрме

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Фота: sk.gov.by Фота: sk.gov.by

Віцебскі абласны суд 7 кастрычніка агучыў прысуд па справе аб забойстве з асаблівай лютасьцю (п.6 ч.2 арт.139 КК), якое было ўчыненае на адной з фэрмаў Шумілінскага раёну ў чэрвені 2019 году. У жорсткім забойстве вінавацілі 62-гадовага жыхара Шумілінскага раёну С. Мужчыну прызналі вінаватым і прысудзілі да 15 гадоў турмы.

Паводле сьледзтва, мужчына з прычыны помсты і на глебе ранейшага канфлікту забіў у адным з пакояў малочна-таварнай фэрмы свайго 52-гадовага знаёмага – вартаўніка фэрмы. Будучы п’яным, біў яго па галаве і целу “рукамі, нагамі і мэталічнай трубой”. Той памёр на месцы здарэньня “ад тупой спалучанай траўмы, ускладненай траўматычным шокам і эмбаліяй малога кругу крывезвароту”.

Як паведамляў у жніўні Сьледчы камітэт, на абвінавачанага выйшлі пры дапамозе службовага сабакі. Паведамлялася таксама, што ў той гісторыя была ўблытаная жанчына і канфлікт адбыўся праз рэўнасьць.

На судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну часткова.

Паводле прысуду калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуду (старшынявала Галіна Бондал), абвінавачаны прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай лютасьцю, і пакараны пазбаўленьнем волі на тэрмін 15 гадоў у папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд мужчыне быў абвешчаны на выязным паседжаньні Віцебскага абласнога суду 7 кастрычніка. У дачыненьні да абвінавачанага ўжытае таксама прымусовае лячэньне ад хранічнага алькагалізму.

Прысуд не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.