Субота, 27 Ліпень 2019

У панядзелак 29 ліпеня пачнецца суд па справе дэсантніка, прыдушанага “МАЗам”

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 29 ліпеня пачне судовы разгляд па крымінальнай справе дэсантніка Віктара Калачынскага, які ў красавіку 2019 году быў сьмяротна траўмаваны вайсковым аўтамабілем “МАЗ”. Абвінавачаны – 19-гадовы кіроўца “МАЗу” і саслужыўца загінулага.

“29 ліпеня ў 10.00 суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пачне судовы разгляд крымінальнай справы па абвінавачваньні А. у парушэньні правілаў кіраваньня ці эксплёатацыі баявой альбо транспартнай машыны, якое па неасьцярожнасьці стала прычынай сьмерці чалавека (ч.2 арт.464 КК)”,гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Вярхоўнага суду РБ.

Крымінальную справу будуць разглядаць на выязным судовым паседжаньні на тэрыторыі вайсковай часткі.

Калі віна салдата-кіроўцы будзе даказаная, яго могуць асудзіць на 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Нагадаем, здарэньне адбылося ў красавіку 2019 году ў Віцебску на тэрыторыі 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Вайскоўцу Віктара Калачынскага, якому заставалася служыць некалькі тыдняў, траўмаваў армейскі аўтамабіль. Салдат памёр у больніцы. Паводле інфармацыі СК, кіроўца запусьціў рухавік, ня ўпэўніўшыся, што рычаг каробкі перадач знаходзіцца ў нэўтральным становішчы.