Серада, 17 Красавік 2019

Віцяблян будуць судзіць за паклёп на пракурора Раманоўскага – у закрытым паседжаньні

Ацаніць гэты матэрыял
(12 галасоў)
Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард  і Ігар Пастноў Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард і Ігар Пастноў

Жыхары Віцебску Ігар Пастноў і Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард атрымалі пастановы аб прызначэньні судовага разбору па крымінальнай справе, распачатай супраць іх за паклёп на пракурора гораду Віцебску Юрыя Раманоўскага (ч.2 арт. 188 КК РБ). Судовы працэс пачнецца 22 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску і пройдзе ў закрытым рэжыме.

Справу будзе разглядаць старшыня Бешанковіцкага раённага суду Натальля Рошчына.

“У мэтах неразгалошваньня зьвестак, якія закранаюць гонар і годнасьць пацярпелага, разбор крымінальнай справы варта прызначыць у закрытым судовым паседжаньні”, – гаворыцца ў пастанове.

Меру стрыманьня ў дачыненьні да Пастнова і Кірылава-Шмільхольдхард не зьмянілі – яны знаходзяцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Крымінальную справу супраць віцебскага “доктара-праўдаруба” Ігара Пастнова і ягонага паплечніка Рафаэля Кірылава-Шмільхольдхарда УСК па Віцебскай вобласьці распачало ў жніўні 2018 году. У межах справы прызначаліся псыхіятрычныя экспэртызы, але падазраваныя адмаўляліся іх праходзіць. У кастрычніку 2018 году іх пад прымусам і ў кайданках адвезьлі ў Рэспубліканскі цэнтар псыхіятрыі ў Навінкі, але дактары адмовіліся праводзіць экспэртызу. У лістападзе 2018 году ў кватэры доктара Пастнова быў учынены ператрус.

Зьміцер Міраш