Чацвер, 11 Красавік 2019

Журналіст Зьміцер Лупач атрымаў 1020 рублёў штрафу ў Глыбоцкім судзе

Ацаніць гэты матэрыял
(15 галасоў)
Зьміцер Лупач, фота: racyja.com Зьміцер Лупач, фота: racyja.com

Агулам па дзьвюх адміністрацыйных справах на 40 базавых велічыняў аштрафаваў Глыбоцкі раённы суд незалежнага журналіста Зьмітра Лупача, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Працэс вёў судзьдзя Станіслаў Трапук. Зьмітра судзілі па ч.2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і па ч.1 арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

У першым выпадку журналіста судзілі за сюжэт на тэлеканале “Белсат”, у другім – за тое, што на Дзень Волі ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг.

Як напісалі міліцыянты ў пратаколе, такім чынам ён публічна выказаў свае палітычныя інтарэсы ў сувязі з гадавінай БНР. Судзьдзя Станіслаў Трапук напачатку агучыў, што па першай справе Зьмітра штрафуе на 36 базавых велічыняў, па другой – на 10, а ў сукупнасьці шляхам частковага складаньня – на 40 базавых велічыняў, што складае 1020 рублёў.

“Можа, усё ж асоба судзьдзі нешта значыць, бо, наколькі я ведаю, пра яго ў нас заўсёды добра адзываліся, самы паважаны з глыбоцкіх судзьдзяў. Ён доўгі час быў старшынём суду ў Глыбокім. Магчыма, і таму. Я ведаю, што яго прызначылі, калі мяне памяць не падманвае, у 1993 годзе старшынём суду. І якраз пад гэтым сьцягам ён судзіў людзей... – камэнтуе “зьніжку” ад глыбоцкага судзьдзі Зьміцер Лупач.

Напрыканцы судовага пасяджэньня судзьдзя Станіслаў Трапук сказаў, што ў Глыбоцкі РАУС будзе накіраваны ліст наконт недахопаў, якія былі выяўленыя пры разглядзе справы. А распачалі справы на журналіста Зьмітра Лупача і перадалі іх у суд лейтэнант міліцыі Віктар Гірын і капітан міліцыі, старшы інспэктар па дазвольнай рабоце аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан. Ён, дарэчы, выступаў таксама ў якасьці сьведкі разам з курсантам міліцыі Аляксеем Юргелем па справе, якую распачаў на журналіста лейтэнант глыбоцкай міліцыі Віктар Гірын.

Падчас сьвяткаваньня Дня Волі Сяргей Цырбан разам зь іншымі міліцыянтамі здымаў глыбоцкіх актывістаў на відэакамэру.