Скаргі грамадзян, якія прыйшлі на сустрэчу са спадаром Сукалам, тычыліся крымінальных, грамадзянскіх і адміністрацыйных справаў. Сярод наведвальнікаў былі жыхары Полацку, Наваполацку і нават Воршы. На ўваходзе ў суд разьмясьціўся ўзмоцнены міліцэйскі кантроль з праверкай пашпартоў і з мэталашукальнікам. А сустрэча праходзіла ў невялічкім габінэце плошчай 15 м², апроч самога старшыні на ёй прысутнічаў яго памочнік і двое карэспандэнтаў.
Суды ня хочуць разглядаць пытаньне пра дыскрымінацыю рабочых
Старшыня Свабоднага прафсаюзу рабочых заводу «Шкловалакно» ў Полацку віктар Стукаў паскардзіўся Валянціну Сукалу на суды, якія не прымаюць да разгляду заявы рабочых наконт дыскрымінацыі ў працоўных адносінах. У Працоўным кодэксе ў артыкуле 14 запісана, што рабочы, які лічыць, што быў падвергнуты дыскрымінацыі, мае права зьвярнуцца ў суд для ліквідацыі несправядлівасьці. На практыцы ж суды не прымаюць да разгляду такія скаргі работнікаў.
Суды падштурхоўваюць рабочых да страйку?
Распавядае Віктар Стукаў:
– У 2013 годзе судзьдзя Ірына Даротка адмовілася разглядаць маё пазоўнае патрабаваньне аб ліквідацыі дыскрымінацыі, заявіўшы пра непадсуднасьць. У 2015 годзе цяперашняя намесьніца старшыні Полацкага суду судзьдзя Тацяна Субоціна сваім вызначэньнем у адмысловым судаводзтве адмовілася зацьвярджаць юрыдычны факт дыскрымінацыі мяне за ўдзел у Свабодным прафсаюзе Беларускім. Суды адпраўляюць заяўнікаў аб дыскрымінацыі ў калектыўныя працоўныя спрэчкі. Згодна з заканадаўствам, такія спрэчкі мусяць заканчвацца страйкам рабочых. Валянцін Алегавіч задаў мне рытарычнае пытаньне: «Дык што, вы лічыце, што суды падштурхоўваюць рабочых да страйку?»
Суды ня ўмеюць прымяняць міжнародныя правілы
Яшчэ адно нараканьне старшыні прафсаюзу тычылася прымяненьня ў судох заканадаўства ў частцы правілаў міжнародных дамоваў. Згодна з падпісанай Беларусьсю Канвэнцыяй аб абароне права на аб'яднаньне ў прафсаюз, суды ня могуць прыцягваць да адказнасьці прафсаюзных актывістаў за выкананьне імі прафсаюзнай дзейнасьці. Полацкі ж суд ужо не аднаразова прыцягваў прафсаюзных актывістаў да адміністрацыйнай і грамадзянскай адказнасьці ў выглядзе штрафаў і звальненьняў. Акрамя таго, прагучала скарга аб несуразьмернасьці пакараньняў, калі работніку прысуджаецца штраф у памеры 20 базавых велічынь пры заробку ў 15, выплаціць які трэба на працягу месяца, інакш будзе яшчэ плюс 10% прымусовага збору.
За дзесяць хвілін – 3 скаргі і 3 фота
Уся размова старшыні прафсаюзу са старшынём суду доўжылася менш за 10 хвілін. За гэты час прафсаюзны лідэр пасьпеў перадаць у Вярхоўны суд 3 наглядныя скаргі. Валянцін Сукала дазволіў сфатаграфаваць працоўны момант сустрэчы: «Калі гэта дапаможа вам у вашай прафсаюзнай дзейнасьці, то калі ласка», – сказаў Валянцін Алегавіч.
Арганізацыя сустрэчы са Старшынёй Вярхоўнага суда
Абвестку пра маючы адбыцца прыём старшыні Вярхоўнага суду ў Полацку надрукавала мясцовая газэта 12 і 19 верасьня. Запісацца можна было па тэлефоне і ў габінэце памочніка старшыні Полацкага суду. Перад прыёмам памочнік Валянціна Сукалы сабраў усіх разам і распавёў, як будзе праходзіць сустрэча, якія паўнамоцтвы мае старшыня і якія дакумэнты і заявы, што тычацца скаргаў грамадзян, пажадана падаць на прыёме. Дадатковыя дакумэнты можна будзе даслаць па пошце ў Менск, а рашэньне па скаргах будзе прынятае цягам месяца.
https://viciebskspring.org/news/sud/item/2471-rabochyya-polatsku-paskardzilisya-na-sudovyya-rashenni-starshynyu-vyarkhounaga-sudu#sigProIde1a46e9971
Аляксандар Марозаў