На судовым пасяджэньні, якое прайшло 8 ліпеня, распачаўся разгляд пісьмовых доказаў крымінальнай справы. Цягам некалькіх гадзінаў пракурор Віталь Сузанскі зачытваў пастановы і дакумэнты, якія знаходзяцца ў матэрыялах справы.
Акрамя карэспандэнта “Віцебскай Вясны”, у судовай залі прысутнічала жанчына, якая прадстаўляла бок пацярпелых. Яна расказала, што прыйшла паглядзець, як ідзе працэс, і што вельмі спадзяецца на справядлівы вырак.
Падчас перапынку атрымалася пагутарыць і з пракурорам. На ягоную думку, працэс зацягнецца, а калі будзе вынесенае канчатковае рашэньне – цяжка сабе ўявіць.
“Я нават дакладна вам не скажу, якое гэта па ліку судовае паседжаньне: ці то сёмае, ці то восьмае”, – прызнаўся ён.
Нагадаем, слуханьне справы пачалося 24 чэрвеня пад старшынёўствам судзьдзі Яўгена Даўлюда. Супраць Віктара Паўлава выстаўленыя абвінавачаньні паводле ч.3 арт.207 КК (Разбой) і ч.2 арт.139 (Забойства). На першым судовым пасяджэньні ён часткова прызнаў сваю віну (абвінавачваньні ў разбоі адхіліў).
Слуханьні справы прадоўжыліся 9 ліпеня.
Уладзімер Бяляўскі