Серада, 07 Чэрвень 2017

У Віцебску пляцоўка для выгулу сабакаў прычынілася да канфлікту

Ацаніць гэты матэрыял
(16 галасоў)

Адкрываючы ў верасьні 2014 году агульнагарадзкую пляцоўку для выгулу сабакаў у мікрараёне «Поўдзень-1», мясцовыя ўлады наўрад ці думалі, што яна стане галаўным болем ня толькі для жыхароў дамоў №7, корпус 1 і №7, корпус 2 па вуліцы Чкалава.

Тады, мабыць, здавалася, што трэба толькі вітаць зьяўленьне ў горадзе прасторнай пляцоўкі (100х20 мэтраў), абсталяванай для выгулу братоў нашых меншых. Але, як водзіцца, праблемы, у якіх перасякаюцца супярэчлівыя інтарэсы розных групаў насельніцтва, часам паўстаюць на роўным месцы, з абсалютна добрых памкненьняў.

Скаргі ад жыхароў пачалі паступаць у дзяржаўныя органы з 2015 году. За гэты час грамадзяне пасьпелі расказаць пра свае праблемы чыноўнікам аблвыканкаму, гарвыканкаму, адміністрацыі Першамайскага раёну, камітэту дзяржаўнага кантролю, УП «ЖРЭТ г. Віцебску», пракуратуры Першамайскага раёну і АУС адміністрацыі Першамайскага раёну.

А праблемы, варта сказаць, немалыя. І гэта ня толькі сабачы брэх па начох і на досьвітку, калі гэтак салодка сьпіцца.

Паводле заяўнікаў, уладальнікі сабакаў пэрыядычна парушаюць правілы выгулу, сабакі палохаюць мінакоў, кідаючыся на сетку, нацягнутую па пэрымэтры пляцоўкі. Часьцяком за яе межамі можна сустрэць сабакаў без напысьнікаў. За тыя некалькі хвілін, цягам якіх я назіраў за пляцоўкай, даволі ладных памераў пёс, адчэплены ад павадка, пабег ня на пляцоўку для выгулу, а ў процілеглы ад гаспадара бок. І трэба сказаць, што ў гэты час па дарожцы каля пляцоўкі праходзілі дзеці.

Не заўсёды прыбіраюцца і сабачыя экскрэмэнты, мяхі зь якімі па некалькі сутак прастойваюць у чаканьні вывазу, разносячы смурод. Работнікі школьнай сталоўкі, вокны якой выходзяць на месца для выгулу, скардзяцца на едкія выпарэньні. Дарэчы, гэты досыць важны момант хвалюе больш за ўсё: «Як можна было разьмяшчаць такі аб'ект усутыч да будынка сталоўкі школы №31?»

Дый, з другога боку, дазволеных сарака мэтраў, адлегласьці, зацьверджанай санітарнымі нормамі, якая павінна быць паміж пляцоўкай для выгулу сабак і вокнамі жылой забудовы, няма. Гэта значыць, пляцоўку першапачаткова адкрылі, парушыўшы санітарныя нормы. З улікам гэтага моманту, заявы асобных сабакароў пра наяўнасьць у іх ва ўладных структурах «моцнага заступніка» ўжо не здаюцца простай бравадай.

Абурае і фармальны тон адказаў зь дзяржаўных органаў, у якія зьвярталіся жыхары згаданых дамоў па вуліцы Чкалава. Такое ўражаньне, быццам адказы месцамі пісаліся па адным клішэ. Ніводзін з гэтых адказаў не зьмяшчае і намёку на спробу паглыбіцца ў сутнасьць праблемы. З пункту гледжаньня чыноўнікаў, спасылкі на заканадаўчыя нормы і санітарна-гігіенічныя правілы, а таксама пералік асобаў і арганізацыяў, якімі дазволенае абсталяваньне пляцоўкі для выгулу сабак, зьяўляецца дастатковым аргумэнтам правамоцнасьці яе існаваньня.

Як рэакцыя на такую пазыцыю дзяржаўных органаў, у сваім звароце ў Камітэт дзяржаўнага кантролю грамадзяне ад безвыходнасьці прапанавалі перанесьці гэты аб'ект «у двор галоўнаму архітэктару і кіраўнікам іншых службаў, якія прынялі гэтае вар'яцкае рашэньне».

Выходзіць, дзяржаўныя органы і чыноўнікі не памыляюцца. Памыляцца могуць толькі грамадзяне, а брэх па начох, антысанітарыя і патэнцыйная пагроза для здароўя і бясьпекі як дзяцей, так і дарослых – плод хворай сабакафобіі і лёгка ўзбуджальнай фантазіі звадлівых жыхароў. Вядома, для кагосьці такая лёгіка можа здацца натуральнай, але абсалютна не натуральная тая акалічнасьць, што ўлады адкрылі пляцоўку для выгулу сабак без уліку меркаваньня грамадзян, якія пражываюць побач.

Дамо слова жыхарам дому №7, корпус 2.

Ірына Захарава:

– Сабакаў возяць з усяго гораду: з Маскоўскага праспэкту, з Фрунзэ, з Праўды, зь Ціраспаля... Сюды шмат заводчыкаў прывозяць сваіх сабакаў. Сабакі велізарныя. У выходныя асабліва вялікі наплыў, нясьцерпна. Па раніцах, калі людзі ідуць на працу ўздоўж пляцоўкі, сабакі скачуць на сетку. Школьнікі – дык тыя ад страху крычаць. Я не аднойчы чула па раніцах дзіцячыя крыкі. Быў выпадак – адзін сабака нават пераскочыў празь сетку, але ніхто ніякіх захадаў ня робіць, пакуль не пакусаюць каго-небудзь.

Летам нельга адчыніць вокны. Людзі ў роспачы. Мужчыны кажуць: «Будзем цкаваць сабакаў, калі ня зробяць захадаў».

Зьвярталіся ва ўсе органы. Па выніках нашага звароту правялі сход, запрасілі журналістаў «Віцебскага кур'ера», «Витебских вестей», tut.by, гарадзкога інтэрнэт-парталу, якія выставілі нас, як сабаканенавісьнікаў. А сабакары – дык тыя наогул на сходзе казалі: «Хто вы такія, каб вас слухаць?»

Я так думаю, што ў гэтай сабакарні няма ні землеадводу, ні пашпарта аб'екта, ні дазволу санстанцыі. Адзінае, што ў іх ёсьць, – плян. Мы прасілі паказаць нам гэтыя дакумэнты, ніхто не паказаў.

Вера:

– У мяне ёсьць невялічкі сабака, але я нават не заўсёды заходжу на пляцоўку. Тым ня менш за права выгулу зь мяне ў 2015 годзе патрабавалі грошы, хоць выгул па законе бясплатны. Я грошай не дала. Пра гэты выпадак мы гаварылі на агульным сходзе, але ніхто з чыноўнікаў не адрэагаваў.

Аднойчы, як звычайна, я выгульвала свайго сабаку па сьцежцы ўздоўж сеткі. З пляцоўкі сабака, пакінуты без нагляду, пераскочыў празь сетку і кінуўся да сабакі. Балазе, у яго аброжак з шыпамі. Ня ведаю як, але мы ўдваіх адбіліся. А сабака быў агромністы.

Будзем спадзявацца, у чыноўнікаў, ад якіх залежыць вырашэньне гэтай праблемы, хопіць здаровага сэнсу перанесьці пляцоўку для выгулу сабакаў у больш аддаленае ад людзей месца, і вырашыць праблему, якую яны самі і спарадзілі.

С. Горкі

1 камэнтар