Паводле словаў вяскоўцаў, амаль кожны іх дзень нагадвае папярэдні. У вёсцы даўно ўжо ня ладзяцца сьвяты, сюды ня ходзіць аўтобус. Толькі аўтакрама, якая заяжджае два разы на тыдзень, варушыць вясковае жыцьцё.
«Асартымэнт аўтакрамы неблагі, вось толькі добрага віна “Кагор” там няма, – заўважаюць вяскоўцы. – Цяперашняя прадавачка стараецца прывозіць шмат чаго. Перш была такая, што ня надта хацела вазіць. Можа, ёй і не давалі вялікі асартымэнт тавару, яна ўжо да пэнсіі дарабляла».
У асноўным людзі купляюць малако, хлеб – батон, тварог, сьмятану, кілбасу ды іншыя прадукты. Цяпер кароў ніхто не трымае, няма на гэта ў жанчын здароўя, дый у вёсцы толькі два мужчыны. Як жартуюць жанчыны, ніхто зь іншых мужчын да іх на вёску ня хоча ісьці. Жанчыны бядуюць, што як памруць, нават ямы капаць ім ня будзе каму.
Як зазначае адна кабета, бяруць тавар па сваіх грашах, бо пэнсія тут у людзей каля 300 рублеў – у каго менш, а ў каго крыху і больш. Некаторыя жанчыны эканомяць, бо, як яны кажуць, трэба яшчэ дапамагаць унукам ды хворым сваякам.
Застаўшыся адны, жанчыны скардзяцца на тое, што няма каму нават і абкасіць хаты. Мужчын няма. Калі патэлефанавалі ў Карабоўскі сельсавет, то там адказалі, што ў іх няма людзей, дый грошай, каб аказаць ім такую паслугу. Вяскоўцы ўжо і не спадзяюцца на тое, што ім абкосяць іх зарослыя хаты. Кажуць, што будуць сядзець зарослыя, як ваўкі.
Вёска Праходы – каталіцкая. Але ў касьцёл жанчыны ня езьдзяць: няма аўтобуса, дый сілаў. Да іх прыяжджае малады ксёндз зь Дзеркаўшчыны Андрэй Кулік, каб іх паспавядаць. Да таго ж яны чытаюць «ксёнжкі», якія ім засталіся яшчэ ад бацькоў, з малітвамі, у тым ліку і ад розных хваробаў.
У Праходах жывуць людзі, якім ужо даўна за 70. Старажыле вёскі – Вандзе Манчынскай – ужо 91 год. Больш за 30 гадоў яна жыве адна. Але і дагэтуль пад рыдлёўку садзіць сама агарод, лечыць людзей зёлкамі і малітвамі. Дапамагае нават гароднінай і грашыма сваім родным.
Шмат у каго з праходцаў жывуць дзеці ў вялікіх гарадох, у адной жанчыны нават – у Маскве. Але да дзяцей яны ехаць ня хочуць, і ў дамы састарэлых таксама. Кажуць, што пакуль могуць сябе даглядаць, будуць жыць у сваёй роднай вёсцы. Бо тут іх радзіма, прыгожыя краявіды, і пачуваюць яны сябе тут вольнымі людзьмі.
https://viciebskspring.org/news/satsyyalnyya-pravy/item/2331-glybotski-rajon-pakul-zhyvjom-na-svajoj-zyamli-adchuvaem-syabe-volnymi-lyudzmi#sigProIda5fb442068
Тацяна Смоткіна, racyja.com