У допісе ў сацыяльнай сетцы сьцьвярджаецца, што, прыйшоўшы на пошту, палачанін атрымаў замест ліста з названай крамы ліст зь мясцовай падатковай інспэкцыі.
Мяркуючы па трэкінгу, ліст быў адпраўлены зь Менску, як і іншыя «лісты шчасьця», 23 сьнежня 2016 году. Пры гэтым у гэтых допісах ў якасьці пунктаў прыёму адпраўленьня пазначаюцца нейкія ўнутраныя індэксы 220947 і 220948, а пасьля лісты паступаюць у менскае аддзяленьне 200400, адкуль рассылаюцца па краіне.
У той самы час іншыя атрымальнікі паведамленьняў пра неабходнасьць аплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў, якім паштальёны не змаглі ўручыць іх у рукі, распавялі, што ў іх паштовых паведамленьнях пазначалася толькі неабходнасьць атрымаць заказную карэспандэнцыю, – без пазначэньня адпраўніка, як у гэтым выпадку – крама «Філятэлія».
Паводле інфармацыі Міністэрства па падатках і зборах, паведамленьне пра выплату збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў было дасланае больш як 400 000 грамадзян Беларусі, што складае каля 9% колькасьці насельніцтва, занятага ў эканоміцы краіны ў 2015 годзе. Узровень афіцыйнага беспрацоўя пры гэтым знаходзіцца ў межах 1%.
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc