Як вынікае з апублікаванага Сяргеем допісу «Жыцьцё б'е ключом», ён і так жыве досыць сьціпла, а тут яшчэ такі падарунак ад дзяржавы: не працуеш – плаці падатак. Цяпер Сяргей даглядае сваю хворую маці, працаўладкавацца спрабаваў ня раз, але ўсё марна.
Пра тое, якое выйсьце з няпростай жыцьцёвай сытуацыі, што склалася, бачыць спадар Белязека, зь ім пагутарыў наш карэспандэнт.
У блогу Вы напісалі, што «101 адсотак (вашых) родных, сяброў, знаёмых сталі дармаедамі». Гэта – не перабольшваньне?
Сярод маіх знаёмых хіба адзін адсотак не зьяўляецца гэтак званымі дармаедамі. Тых, хто мае працу, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Эканоміка ў крызысе, старыя прадпрыемствы «запусьцілі», новых не стварылі: у людзей няма працы, а дзяржава шукае крыніцы дадатковага фінансаваньня.
Вельмі ўразіла Ваша фраза пра тое, што Вы ясьце адзін хлеб. Няўжо такое магчыма ў 21 стагодзьдзі, у эўрапейскай, сацыяльна арыентаванай дзяржаве, і апошняй да гэтага няма ніякай справы?
Так, ем адзін хлеб, зусім схуднеў. Мала таго, што няма чаго есьці, дык цябе яшчэ падаткам абклалі і, каб яго не плаціць, прымушаюць апраўдвацца.
Сяргей, выкажыце сваё стаўленьне да дэкрэту №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».
Закон аб дармаедзтве – гэта ўдар па самых неабароненых грамадзянах, якія часта па віне дзяржавы ня маюць сродкаў да існаваньня. Гэты закон ня мае нічога агульнага з барацьбой супраць ценявых даходаў. Даходзіць да абсурду: паехаў беларус на заробкі ў Расею, папрацаваў, затым пабухаў у сваю асалоду – і яму аплачваць тут нічога ня трэба. А я за тое, што тут жыў не працуючы, мушу заплаціць дзяржаве. У падатковай і ў гарвыканкаме такіх, як я, – процьма!
Каб гарвыканкам вызваліў мяне ад неабходнасьці выплачваць падатак на дармаедзтва, трэба сабраць шэраг дакумэнтаў: даведку пра памер сацыяльнай пэнсіі маці, заключэньне мэдыкаў пра яе хваробу, з цэнтру занятасьці – даведку пра тое, што не атрымліваў дапамогу па беспрацоўі...
Вы выказаліся, што зьбіраецеся скардзіцца. У якія інстанцыі маеце намер зьвяртацца?
Я зьбіраюся пісаць скаргі ў некалькі інстанцыяў. Буду пісаць у гарвыканкам, бо як мне сказалі ў падатковай, усё вырашаецца там. Спадзяюся, што гарвыканкам вызваліць мяне ад выплаты падатку. Дзякуй Богу, праваабаронцы падказваюць, як паводзіць сябе грамадзяніну, якога запісалі ў дармаеды: у сеціве зьявіліся юрыдычныя парады. Таксама буду пісаць прэзыдэнту пра неабходнасьць скасаваньня дэкрэту №3. Можна зразумець, калі дзяржава не дапамагае людзям, што трапілі ў цяжкую эканамічную сытуацыю, але пагадзіцца з тым, што за гэта трэба яшчэ заплаціць дзяржаве, нельга. Такое стаўленьне знаходзіцца па-за межамі дабра і зла. Калі ніякай рэакцыі з боку гарадзкіх уладаў і падатковай ня будзе, мушу абвясьціць галадоўку. Я разумею, што гэта крайняя мера, але хіба я цяпер не галадую? Ты паглядзі на мяне, якое тут здароўе?
Не аднойчы разважаў над тым, чаму народ гэтак дрэнна жыве. Раней думаў, што добрыя – нацыянальна арыентаваныя грамадзяне, а вінаватыя гэтак званыя застабілы разам зь існай тут сыстэмай улады: прэзыдэнтам, чынавенствам, раздзьмутымі сілавымі структурамі. Цяпер я пераканаўся, што памыляўся. Наша праблема – у агульнай дурноце. Мы ўсе такія, аднолькавыя. Усе – аднаго гароду бульба. У тым, што паўстала праблема дармаедзтва, вінаватыя і апазыцыйныя структуры. Як прыхільнік апазыцыі, я зьвяртаўся да дэпутаткі Алены Анісім, адной з двух апазыцыйных прадстаўніц у парлямэнце. І хаця яна не зьяўляецца дэпутатам маёй выбарчай акругі, я спадзяваўся на нейкую дапамогу. Дзе там! Яна сказала: «Зьвяртайся да свайго непасрэднага прадстаўніка».
Ці ж я не імкнуся самастойна працаўладкавацца? За дзень па тры-чатыры адмовы атрымоўваю. І тэлефаную, і падыходжу на прадпрыемствы, а вынік аднолькавы.
С. Горкі