Чацвер, 14 Сакавік 2013

Зруйнавалі хату пакуль гаспадыня-інвалід ляжала ў шпіталі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Людміла Лабачэня Людміла Лабачэня

Супрацоўнікі гарадоцкага прадпрыемства на Віцебшчыне ў рамках добраўпарадкаваньня тэрыторыяў разам зь безгаспадарнымі пабудовамі разабралі жылую хату. Жахлівы інцыдэнт адбыўся пакуль гаспадыня, інвалід 1 групы, была ў лякарні. Рабочыя самавольна дэмантавалі дах, вокны і дзьверы. Пацярпелай жанчыне шкоду не кампэнсавалі.

Пажыць у гэтай хаце яго ўладальніца так і не пасьпела. Пасьля куплі зьлегла ў шпіталь. За гэты час літаральна засталася бяз даху над галавой. Гарадоцкі Райаграпрамснаб так захапіўся ліквідацыяй безгаспадарных дамоў, што знаходзяцца на ягоным балянсе, што не заўважыў, як перайшоў на прыватную ўласнасьць.

Уладальніцы хаты не да разбору палётаў. Людміла Васільеўна - інвалід 1 групы. Пасьля інсульту не ўстае з ложку. Цяпер вымушаная здымаць кватэру. Пра тое, што ад яе хаты засталіся толькі сьцены, даведалася ў шпіталі ад сьледчых.

Людміла Лабачэня, пацярпелая: “Гэта пайшло на фэрму. Яны думалі, гэта нічыйнае. Таму шыфэр, што яшчэ яны там пускалі на сваю фэрму. Кажа, вы зь імі дамаўляйцеся. Я як была ў такім стане, у мяне стан не палепшылася, няма каму было разьбірацца”. Пазбаўленая вокнаў і дзьвярэй хата прыйшла ў яшчэ большы заняпад. Цяпер сюды не зарастае народная сьцежка. На прадпрыемстве, якое “пераблытала” старыя безгаспадарныя будынкі з прыватнымі, ужо зьмянілася кіраўніцтва. Пра тое, каб кампэнсаваць гаспадыні разабранай хаты прычыненую шкоду, тут нават ня думалі.

Васіль Гецікаў, намесьнік дырэктара ААТ “Гарадоцкі Райаграпрамснаб”: “Кіраўніцтва было іншае. Іншы кіраўнік, іншы прараб. Цяпер яны ў нас не працуюць. І ніякіх тлумачэньняў няма. Хата на нашым фондзе жылой не значыцца. Усё вырашальна, калі яна да нас зьвернецца; мяркую, што дапаможам выйсьці з гэтай сытуацыі”.

Расьсьледаваньне па крымінальнай справе сьледчы камітэт прыпыніў. Уладальніцы некалі прыстойнай хаты праваахоўнікі рэкамэндавалі зьвярнуцца ў суд. Абіваць парогі інстанцыяў жанчына ня можа фізычна. Праўда, надзеі не губляе, што калі-небудзь зноў узьнімецца на ногі, і ў яе доме запульсуюць малаткі. Але гэта будуць ужо рамонтныя работы.

CTB