Паводле слоў дырэктара ТЦСАН Валентины Штуро, амэрыканцы зрабілі нават больш, чымся іх прасілі. У аддзяленьні зьявіліся цэлых 6 ложкаў з адмысловымі матрацамі для ляжачых пацыентаў, 10 шафаў, 11 тумбачак. Закупленая і пасьцельная бялізна – 16 камплектаў, а таксама неабходныя прадметы для кухні – рондалі, талеркі, конаўкі, тэрмасы. У цэлым амэрыканская дабрачыннасьць склала зусім прыстойную суму: на беларускія грошы – 70 мільёнаў рублёў.
Асабіста пераканацца ў запатрабаванасьці набытых рэчаў на Шуміліншчыну прыехалі валянтэры «Сафіі» з ЗША Гэры і Кэйлін Джон і выканаўчы дырэктар аб'яднаньня Сяргей Зубовіч. І кожны казаў ім толькі "дзякуй".
Гэры (у мінулым працаваў мэнэджэрам у лябараторыі судова-мэдычнай экспэртызы) і Кэйлин (у мінулым кухар) – пэнсіянэры, у дабрачыннасьці ўжо ня першы год, бо, на іх думку, гэта справа ганаровая. Наведваючы тэрытарыяльны цэнтар, замежныя госьці падкрэсьлілі, што ўся мэбля, усе рэчы, якія купленыя, павінны прыносіць карысьць людзям.
Валянтэры расказалі, што гасьцююць у нас ужо 16-ы месяц, таму сьпяшаюцца завяршыць справы і зьехаць дадому, да семярых дзяцей (якія, вядома, ужо дарослыя) і 38-мі ўнукаў. Аднак дадалі, каб беларусы чакалі іншых валянтэраў, якія прыедуць на зьмену ім.
Дырэктар Шумілінскага ТЦСАН выказала фундатарам словы шчырай падзякі за тую дапамогу, якую яны аказалі раёну. У памяць пра беларуска-амэрыканскае супрацоўніцтва і візыт у рэгіён прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі атрымалі памятныя сувэніры.
Што да праектаў, якія былі рэалізаваныя сёлета ў краіне, то яны закранулі такія абласныя гарады, як Віцебск, Берасьце, Гомель, Магілёў. Тут ажыцьцяўлялі праект па рэанімацыі нованароджаных: у радзільні прыяжджалі мэдыкі з ЗША і праводзілі майстар-клясы, перадавалі свой досьвед беларускім калегам па тым, як ратаваць жыцьцё дзецям, у якіх пры нараджэньні выяўляюцца розныя хваробы і парушэньні. У межах рэалізацыі праекту ў многія радзільні закупілі абсталяваньне, якое мусіць ратаваць жыцьці дзетак.
Крыніца фінансаваньня «Сафіі» – гуманітарная служба Царквы Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён (мармоны). І тыя грошы, якія былі сабраныя, зьяўляюцца добраахвотнымі ахвяраваньнямі людзей з усёй зямной кулі.