У Віцебску 20-21 красавіка для мясцовых актывістаў “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі прайшоў сэмінар-практыкум па эфэктыўным партыйным менэджмэнце. На ім былі акрэсьленыя тры галоўныя мясцовыя праблемы, вырашэньнем якіх найбліжэйшым часам будуць займацца актывісты БХД, а таксама былі складзеныя праекты іх вырашэньня. Да гэтых праблемаў належаць: будаўніцтва сьмецьцеперапрацоўчага заводу ў Віцебску, рамонт моста праз Дняпро ў Воршы, газыфікацыя вёскі ў Глыбоцкім раёне.

Кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў выклікаецца ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску. Ён мусіць прыбыць 24 кастрычніка да супрацоўніка міліцыі С. Вераксы. Прычым, як вынікае з позвы, выклікаецца партыйны лідэр не па адміністрацыйнай, а па нейкай крымінальнай справе.

Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашысцкіх канцлягераў усталяваны з ініцыятывы ЮНЭСКО ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстаньні, якое 11 красавіка 1945 году паднялі вязьні Бухенвальду. Адна з самых трагічных старонак Другой сусьветнай вайны - непаўнагадовыя вязьні. Дзеці станавіліся закладнікамі, донарамі, біялягічнай сыравінай для злачынных экспэрымэнтаў… «Калі 20 гадоў таму была створаная абласная арганізацыя Беларускай грамадзкай асацыяцыі былых непаўналетніх вязьняў фашызму, на ўліку ў райвыканкамах іх было 25 тысяч, на пачатак 2013 году засталося 7400», - паведаміў нязьменны старшыня арганізацыі Хведар Ціханаў.

Мэмарыяльныя знакі ў памяць аб подзьвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў 2013 году ўсталююць у трох райцэнтрах Віцебскай вобласьці - Бешанковічах, Дуброўне і Сянно. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Віцебскага абласнога савету грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Афганістане” Валер Мацкевіч. 10 красавіка ў Віцебску адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысьвечанае 20-годзьдзю вэтэранскай арганізацыі.

За пяць дзён правядзеньня апэрацыі «Арсэнал» УУС Віцебскага аблвыканкаму канфіскавана больш за 130 адзінак зброі. Усяго ў жыхароў рэгіёну канфіскавана за розныя парушэньні 89 адзінак зарэгістраванай зброі, 43 - незарэгістраванай, больш за 1 тыс. боепрыпасаў, адна выбухная прылада (корпус ад гранаты часоў Другой сусьветнай вайны), 5,9 кг выбуховых рэчываў. Добраахвотна за гэты пэрыяд грамадзяне здалі ў міліцыю 79 адзінак зброі, якія стаяць на ўліку, 54 - незарэгістраванай, амаль 3,7 тыс. боепрыпасаў, 81 выбуховае прыстасаваньне (гранаты, карпусы ад іх).