Як вынікае зь ліста спадара Дука, яго ведамства навучылася прагназаваць надзвычайныя сытуацыі. Маўляў, цягам доўгага часу ў Беларусі не было такіх сытуацыяў, няма іх і зараз. А калі яны ўсё ж раптам калі-небудзь узьнікнуць, мы вам пра гэта загадзя паведамім, – да гэтага зводзіцца адказ высокапастаўленага супрацоўніка МНС.
«Шэдэўр» в.а. начальніка аб’ёмам у два абзацы заслугоўвае таго, каб працытаваць яго:
«На вашую заяву ад 02.09.2014 г. паведамляем, што на тэрыторыі г. Віцебску за апошнія дзесяцігодзьдзі надзвычайных сытуацыяў, у выніку якіх, як Вы пішаце, неабходна хавацца ў бомбасховішчах, не зафіксавана. Таксама на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь няма такіх надзвычайных сытуацыяў, з-за якіх неабходна хавацца ў бомбасховішчах.
У выпадку асаблівага пэрыяду, інфармацыя пра ахоўныя ўкрыцьці, дзе будзе забясьпечаная абарона жыцьця і здароўя членаў Вашай сям’і і жыхароў дому №[…], будзе ўсім жыхарам даведзеная загадзя ў вызначаным заканадаўстве парадку».
Цяпер праваабаронца ў роздумах: а калі раптам нейкая надзвычайная сытуацыя ўсё-такі ўзьнікне, і калі яна насамрэч станецца надзвычайнай – такой, якую загадзя не спрагназуюць і пра якую загадзя не паведамяць «празорліўцы» з МНС – куды яму бегчы хавацца?