Субота, 25 Кастрычнік 2014

У Віцебску абмеркавалі стан сыстэмы аховы здароўя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

19 кастрычніка ў Віцебску адбыліся грамадзкія слуханьні “Як зрабіць мэдыцыну якаcнай і даступнай?”, якія падрыхтавалі ўдзельнікі ініцыятывы “Народны рэфэрэндум”. Сустрэча адбывалася ў Віцебскім “Эўрапейскім клюбе”. Каля 40 жыхароў Віцебску і Віцебскай вобласьці разам з экспэртамі і прадстаўнікамі партыйных і грамадзкіх арганізацый і рухаў абмеркавалі праблемы сучаснай беларускай мэдыцыны і паспрабавалі вызначыць рэкамэндацыі па паляпшэньні справаў ва ўстановах аховы здароўя.

На пачатку сустрэчы удзельнікаў віталі намесьнік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў, генэральны сакратар БСДП (Грамада) Мечыслаў Грыб, каардынатарка кампаніі “Гавары праўду” па Віцебскай вобласьці Лідзія Сагідуліна, каардынатар руху “За свабоду” па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў.

Экспэртам на сустрэчы выступіла доктарка са шматгадовым стажам, супрацоўніца Магілеўскай абласной станцыі пераліваньня крыві Натальля Шкадун, якая прадставіла агульную карціну стану ўстановаў аховы здароўя Беларусі, умоваў працы лекараў і малодшага мэдперсаналу паліклінік і шпіталяў, а таксама выказала свае прапановы па рэфармаваньні гэтай сыстэмы ў нашай краіне.

Удзельнікі слуханьняў актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаваньні прапанаваных тэзаў. Вядомы віцебскі доктар Ігар Пастноў распавёў пра стан мэдычных установаў Віцебску, пра хранічнае недафінансаваньне мэдычных установаў, калясальныя і нічым не абгрунтаваныя выдаткі на так званы “рамонт”, агучыў свае прапановы па зьменах у сыстэму аховы здароўя. Віцябляне таксама зьвярнулі ўвагу на стан зоны адпачынку “Мазурына”, некалі ўтульнае месца для жыхароў гораду, дзе зараз нічога няма, і як выказалася адна з актыўных удзельніц дыскусіі: “Вады папіць няма дзе, кавярня не працуе, сьмецьце і бруд на пляцоўках”. Былі закранутыя пытаньні праграмы навучаньня ў Віцебскім мэдунівэрсытэце і чэргаў у віцебскіх паліклініках.

Напрыканцы дыскусіі вядомая дзяячка БХД Тацьцяна Севярынец зьвярнула ўвагу прысутных на тое, што рашэньнем гарадзкога Савету дэпутатаў Віцебску №22 ад 18 верасьня 2014 году ў інвэстыцыйную праграму гораду ўнесеныя зьмены, якія скарачаюць аб’ёмы фінансаваньня па галіне “Ахова здароўя“ ў Віцебску на цэлых 30%. Такім чынам, удзельнікі слуханьняў змаглі належным чынам ацаніць “клопат” дзяржавы пра мэдычнае абслугоўваньне сваіх грамадзянаў…

Крыніца: Партыя БНФ