Масавая гібель рыбы ў Аршанскім раёне зафіксаваная 14 кастрычніка ў вадасховішчы на ручаі Хатынь, які ўпадае ў рэчку Крапівенка. Інспэктары Аршанскай Дзяржінспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету супольна з супрацоўнікамі Аршанскай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя правялі абсьледаваньне. Паводле папярэдніх дадзеных, крыніца забруджваньня - неачышчаныя сьцёкавыя воды сьвінагадоўчага комплексу.
На месца выклікаліся сьледча-апэратыўная група Аршанскага РАУС, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства, райвыканкаму, райвэтстанцыяў і МНС. У розных пунктах узятыя пробы вады для аналізу. Сабрана каля 6 тысяч асобін карася срэбнага агульнай вагой 455 кіляграм.
Крыніца: Оршатут.бай