Махавік бальшавіцкіх рэпрэсіяў закрануў усе катэгорыі насельніцтва: сялян, рабочых, вайскоўцаў, служачых, творчую інтэлігенцыю…
Зьвярніце ўвагу: з 2000 рэпрэсаваных у СССР пісьменьнікаў, паэтаў, драматургаў каля 25% (прыкладна 500 чалавек) прыпадаюць на Беларусь, насельніцтва якой складала ў той час менш за 5 адсоткаў насельніцтва СССР! Вынішчаючы культурны генафонд беларускай нацыі, бальшавікі на практыцы ўвасаблялі ідэалёгію фашызму на нашай зямлі. Плёнам іх дзейнасьці ёсьць сёньняшні нацыянальны нігілізм і культурная пустэльня, на тле якой пышным кветам буяюць імперскія шавіністычныя ідэі.
Сьмяротныя прысуды над бязьвіннымі ахвярамі антычалавечага рэжыму выконваліся ў турмах, але найбольшая колькасць расстрэльных пакараньняў зьдзяйсьнялася ў спэцыяльна адведзеных месцах недалёка ад гарадоў. Адно з такіх месцаў атрымала сусьветную вядомасьць – гэта ўрочышча Курапаты, што было ў некалькіх кілямэтрах ад Менску. Трупы скідалі ў загадзя выкапаныя глыбокія ямы, якія зьверху засыпалі пяском. Паводле розных ацэнак агульная колькасьць забітых там грамадзян складае ад 30 да 100 тысячаў чалавек.
Упершыню друкаваная інфармацыя пра месца нацыянальнай трагедыі зьявілася ў 1988 годзе. Навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі АН БССР Зянон Пазьняк і журналіст Яўген Шмыгалёў у газэце «Літаратура і мастацтва» апублікавалі артыкул пад назовам «Курапаты – дарога сьмерці».
Пасьля яе публікацыі былыя супрацоўнікі НКУС і МДБ ды іншыя «заслужаныя людзі» зайшліся ў гістэрыцы, цалкам адмаўляючы масавыя расправы над уласным народам. Аднак спыніць працэс вяртаньня гістарычнай праўды не ўдалося.
Насуперак іхнаму скавытаньню была створаная Дзяржаўная камісія, якая афіцыйна прызнала факт масавых расстрэлаў у Курапатах. Але такія самыя «Курапаты» былі каля кожнага абласнога цэнтру даваеннай Беларусі.
Тым ня менш і дагэтуль, нягледзячы на афіцыйную рэабілітацыю ахвяраў сталінізму, мы ня ведаем ані падрабязнасьцяў іхнай гібелі, ані месцаў іхнага пахаваньня. Таму кожны нацыянальна сьвядомы грамадзянін разумее: працэс вяртаньня поўнай інфармацыі пра злачынствы сталінізму ня скончаны, ён мусіць працягвацца да свайго лягічнага завяршэньня. А месцы знойдзеных пахаваньняў мусяць стаць месцамі памяці і ўшанаваньня.
На вялікі жаль, грамадзян, якія што-небудзь ведаюць пра месцы пахаваньняў, становіцца ўсё менш, але пошук сьведкаў працягваецца. Так, сябру КХП-БНФ Яну Дзяржаўцаву пашчасьціла пазнаёміцца з жыхаром вёскі Лужасна Сяргеем Рыгоравічам Кудзінавым, які і паведаміў яму пра існаваньне масавага пахаваньня рэпрэсаваных грамадзян у лесе за вёскай Хайсы Віцебскага раёну.
Вось што кажа Сяргей Рыгоравіч:
– У сярэдзіне васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя я са сваім братам Іванам хадзіў у грыбы. Заглыбіўшыся ў лес за Хайсамі, мы неспадзявана натрапілі на тры сьвежыя раскопы, вакол якіх валяліся чарапы і фрагмэнты чалавечых шкілетаў. Скінуўшы людзкія парэшткі ў яміну, зь якой яе выцягнулі марадзёры, мы сышлі з таго месца.
Дома гэтай навіной падзяліліся з бацькамі. І маці распавяла, што ў тым месцы да вайны расстрэльвалі «ворагаў народу». А першым на тую тэрыторыю трапіў ейны сусед, які, як і мы, хадзіў у грыбы. Жыла мама на той час у вёсцы Баравыя (цяпер Дрыкольле). Увагу суседа прыцягнулі гукі, што даносіліся аднекуль сьпераду. Зацікаўлены, ён рушыў у той бок і натрапіў на ачапленьне. Яго ахайна папрасілі сысьці, і ніколі не зьяўляцца ў той мясцовасці, калі ён ня хоча для сябе непрыемнасьцяў. Аднак дзед не сьцярпеў і празь нейкі час вярнуўся туды ізноў, дзе на невялікім пагорку пабачыў некалькі сьвежазасыпаных на адным узроўні зь зямлёю ямінаў. З гэтай інфармацыі зрабілі высновы, што расстрэльвалі там менавіта рэпрэсаваных. Мае бацькі ведалі пра гэта, але ж расказалі толькі тады, калі мы распавялі ім пра сваю знаходку. Во, наколькі сядзеў у народзе гэты страх, дый цяпер сядзіць.
Брат мой зьвяртаўся ў Мазалаўскі сельсавет, у праваслаўную царкву, у газэту хацеў напісаць праз знаёмага журналіста, але яму сказалі, што «бяз вас разьбяруцца». А быў гэта, мабыць, 86-ы год.
Атрымаўшы гэткую інфармацыю 29 кастрычніка, якраз у Дзень рэпрэсаваных, мы і выправіліся ў бок вёскі Хайсы, за якой у лесе і трэба было адшукаць бачанае Сяргеем Рыгоравічам амаль трыццаць гадоў таму месца. Ляндшафт за гэты час непазнавальна зьмяніўся, таму пошукі не былі простымі. Спачатку мы патрапілі на свежыя раскопы, дзе чорныя капацелі шукалі, чым пажывіцца. Але ніякіх прыкметаў даваеннай трагедыі там знойдзена не было. Прыйшлося пашырыць плошчу пошуку, заглыбляючыся ўсё далей у лес, але нічога знайсьці не ўдавалася. І ўжо ў самы апошні момант, калі мы рушылі ў адваротным кірунку, Ян Дзяржаўцаў усё ж такі натрапіў на раскапаныя марадзёрамі яміны. Каля сарака раскопаў рознай велічыні налічылі мы на лясным пагорку. У глыбокіх ямах і вакол іх валяліся чалавечыя чарапы з адтулінамі ад куляў, косткі, фрагмэнты чалавечага абутку. Жахлівае відовішча – нават пасля дзясяткаў прамінулых гадоў.
– Адны забівалі, а іхныя дзеці ці ўнукі (чорныя капацелі), выходзіць, прыйшлі раскопваць, бо ніхто ж чужы сюды ня пойдзе, – пракамэнтаваў убачанае Сяргей Рыгоравіч.
Поўныя супярэчлівых пачуцьцяў і эмоцыяў, абураныя абыякавасьцю ўладаў і асобных грамадзян да нашага не такога ўжо і далёкага мінулага, мы абыходзілі гэты глухі закутак, адшукваючы ўсё новыя і новыя сьведчаньні злачынстваў, якія ня сталі набыткам галоснасьці.
Празь некалькі дзён у пошуках новых сьведкаў наведалі вёскі Хайсы і Дрыкольле. У вёсцы Дрыкольле пашчасьціла адшукаць васьмідзесяцігадовую Валянціну Пятроўну Шагееву, якая, як яна кажа, да драбніц памятае сваё дзяцінства. Яна ня толькі распавяла пра факты расстрэлаў рэпрэсаваных у 1937-м, 1938-м гадох, але і паказала месцы, дзе адбываліся тыя недаравальныя злачынствы. «Бывала, як вечар, расказвалі бацькі, да лесу рушаць машыны, а потым пачынаецца страляніна. Гэта ад Хайсоў першы паварот направа і недзе з кілямэтар у бок лесу, мы туды кароў у дзяцінстве пасьвіць ганялі. Там была такая паляна, і на ёй капалі загадзя ямы, а потым расстрэльвалі. Пад час вайны і пасьля людзі раскопвалі пахаваньні, што яны шукалі – ня ведаю. Цяпер там сельскагаспадарчае поле, а яшчэ зусім нядаўна былі грамадзкія агароды. І хоць людзі ведаюць гісторыю таго месца, усё адно і аруць, і сеюць, і ўраджай зьбіраюць», – падсумавала Валянціна Пятроўна.
Нягледзячы на тое, што старая сама ўжо практычна не перасоўваецца, яна ўсё адно пагадзілася праехаць з намі на тое злашчаснае поле (плошчай ня менш за 10 га) па былой «дарозе сьмерці».
Наступным нашым суразмоўцам стаў Васіль Емяльянавіч Дрындрожак (1929 г. н.). Ягоны бацька Емяльян Анупрыевіч быў калгасным конюхам. «Дык вось уначы, казаў, як толькі коні чулі стрэлы, то адразу пачыналі хрыпець, нэрвавацца. Тут крыху ніжэй ад нас жыў стары (Карпенка, здаецца, ягонае прозьвішча было). Дык вось аднойчы ён у дровы пайшоў, а ўдзень якраз ямы капалі. Падыходзіць да яго вайсковец і кажа: “Сыходзь адсюль”. А быў гэта 37-ы ці 38-ы год. Забівалі недалёка адсюль: кілямэтры з паўтары на пагорку. Калі б быў здаровы, можа б паказаў вам тое месца. Можна ад нас ехаць па гэтай дарозе, а можна па шашы на Гарадок і ўлева ў лес. Забівалі там ня толькі мужчын, але і жанчын. Вакол месцаў пахаваньняў людзі знаходзілі жаночыя грабяні, мо’ спадзяваліся няшчасныя, што сваякі знойдуць і перапахаваюць па-чалавечы?»
Ва ўсіх гэтых падзеях дзівіць тая акалічнасьць, што нягледзячы на відавочны факт існаваньня месцаў масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, грамадзтва і дзяржава пазьбягаюць і замоўчваюць іх аб’ектыўную наяўнасьць. А гэта ўжо само па сабе ёсць маральнае злачынства і заахвочваньне ўсьвядомленых або неўсьвядомленых патугаў скажэньня гісторыі. Але ж трэба разумець: сталінізм і таталітарызм нельга перамагчы, пакуль грамадзтва не даведаецца імёнаў ахвяраў і не асудзіць тых катаў, што вытваралі нялюдзкія, злачынныя рэчы супраць найлепшых прадстаўнікоў беларускай нацыі.
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/761-vitsebskiya-kurapaty-fota#sigProIdc40b030f82