Серада, 18 Люты 2026

Прадпрыемствы Віцебшчыны, якія працуюць “на вайну” – іх прадукцыя ідзе на ўзбраенне Расіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адпаведны пералік склаў BELPOL, апублікавана яшчэ толькі першая частка гэтага спіса, і ў ім 5 прадпрыемстваў з Віцебска і Оршы. “Мы - беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі”, - так гучаць першыя радкі дзяржаўнага гімна РБ. Але ці так яно на справе, калі  беларускія прадпрыемствы фактычна апынуліся на баку нападнікаў на Украіну, тым часам як афіцыйная рыторыка кажа зваротнае: мы, маўляў выключна за мір?  

Паводле інфармацыі BELPOL, прадпрыемства ААТ “Тэхніка сувязі” (г.Барань) непасрэдна звязана з расійскімі прадпрыемствамі АТ «Машиностроительный завод «ШТАМП» им. Б.Л. Ванникова» і НВА “СПЛАВ”. Калі казаць пра тое, чым бараньскае прадпрыемства займаецца непасрэдна, то гэта “Гальваническая обработка деталей к реактивным снарядам РСЗО «Град», БМ-21. Шлемофон танковый ТШ-4ТС. Нагрудный переключатель МТ-10ТС”.

Пра спецыфіку працы аршанскага завода “Легмаш” было вядома ўжо даўно. Летась прадпрыемства нават было ўзнагароджана дыпломам “за значительный вклад в развитие современных систем вооружения”. Нагадаем, за падтрымку расійскага ваенрома аршанскі завод уклічаны ў санкцыйныя спісы. Па звестках BELPOL, сфера вытворчасці  завода “Легмаш” – гэта “Производство деталей реактивных снарядов калибра 122 мм, для РСЗО БМ-21 «Град», і звязаны ён з тымі самымі прадпрыемствамі, што і “Тэхніка сувязі”.

У спісе BELPOL  і ААТ «Витебский завод радиодеталей «Монолит», які “специализируется на выпуске многослойных керамических конденсаторов высокого уровня надежности для оборонно-промышленного комплекса под контролем военного представительства изготавливается 96,4% конденсаторов. Свыше 98% конденсаторов экспортируется на рынок Российской Федерации”.

Віцебскае  ААТ «Конструкторское бюро «Дисплей», па інфармацыі BELPOL, займаецца пастаўкамі “средств отображения” для цэлага шэрагу расійскіх прадпрыемстваў, звязаных з “ваенкай”. Гэта ВАТ «Машиностроительный завод имени М.И.Калинина»,  АТ «Научно-производственное объединение автоматики имени академика Н.А. Семихатова», АТ «Уральское производственное предприятие «Вектор», АТ «ЭЙРБУРГ», АТ «Уральский приборостроительный завод».

Яшчэ адно віцебскае прадпрыемства ў спісе BELPOL - ААТ «Витебский завод электроизмерительных приборов», непасрэдна звязаны з 81 Бронетанкавым рамонтным заводам у г. Арзамас, для якога пастаўляе “электроприборы для ремонта БТР-82А, БТР-82АМ”.

Зразумела, што ў цяперашніх умовах дэфіцыту нармальнай працы ад спецыялістаў і рабочых нельга патрабаваць, каб яны пакінулі гэтыя прадпрыемствы з ідэйных меркаванняў. Але варта памятаць, што разважанні пра выключную ролю Беларусі ў захаванні  міру  на сённяшні дзень – гэта толькі словы. А на справе – усё інакш.  

Сяргей Балотчанка