У Бешанковіцкім раёне на продаж выстаўлена 13 аб’ектаў. Комплекс будынкаў былой Добрыгорскай школы, Свечанскай школы, былога аздараўленчага летніка “Орлёнок”. Таксама ў пасёлку прадаюць будынак гарадской лазні і нават некалькі адміністрацыйных будынкаў і клуб-кантору ў раёне, некалькі нежылых будынкаў, якія належаць Бешанковіцкаму ЖКГ.
Браслаўскі раён прадае 7 будынкаў, сярод якіх комплекс будынкаў былой Карасінскай пачатковай школы, Грытунскай дзіцячай сад-базавай школы, Замошскай базавай школы, якія налічваюць па тры забудовы. Таксама на продаж выстаўлены будынак двухпавярховай сярэдняй школы-садка ў аграгарадку Плюсы, дзіцячы садок у вёсцы Урбаны, будынак дзіцячага садка ў вёсцы Гірэйшы. Да таго ў пасёлку Відзы Браслаўскага раёна прадаюць двухпавярховы будынак “Хірургічнага аддзялення” Браслаўскай цэнтральнай раённай лякарні.
У Верхнедзвінскім раёне на аўкцыёне прапануюць 3 аб’екты - сельскі клуб у аграгарадку Белькаўшчына, двухпавярховы будынак у аграгарадку Нурава і мехдвор у вёсцы Чыстаполле.
Глыбоцкі раён распрадаваў 10 аб’ектаў, з якім у аднаго нядаўна з’явіўся ўласнік. Там прадалі будынак былога кляштара кармелітаў са склепам. Але сваёй чаргі на продаж чакаюць будынкі былых школ у вёсцы Верхняе, Двор-Узрэчча (на фота), дзіцячага садка ў аграгарадку Ломышы, будынак ясляў- садка ў аграгарадку Галубічы. Таксама прадаюцца будынкі калісьці вядомых у раёне Дамоў культуры - у вёсцы Пятроўшчына, вёсцы Лучайка і ў Зябках. А ў аграгарадку Ломашы акрамя будынка садка прадаюць яшчэ будынак кандытарскага цэха і краму ў вёсцы Карасі Ломашаўскага сельскага савета.
Гарадоцкі і Віцебскі раёны выставілі на продаж па 3 будынкі. У Гарадоцкім раёне прадаюцца забудовы Далгапольскай сярэдняй школы, сталовая ў аграгарадку Вархі і будынак дзіцячага дома ў пасёлку Езярышча. У Віцебскім раёне - тры будынкі крамаў у вёсках Міхалкова, Задзетуні і Валькі.
У Докшыцкім раёне можна набыць будынак рамонтнай майстэрні і піларамы ў вёсцы Крыпулі і Бярозаўцы, вытворчыя пляцоўкі на базах дзіцячага садка ў аграгарадку Крулеўшчына, Тумілавіцкай школы, Бярэзкаўскай школы і Замастоцкага садка.
Дубровенскі раён распрадае 3 аб’екта нерухомасці ў сферы адукацыі - школы ў вёсцы Кляны, дзіцячага садка-школы ў аграгарадку Ляды і будынкі дзіцячага садка ў аграгарадку Чырына. А таксама адміністрацыйны будынак у вёсцы Кляны.
Лепельскі і Лёзненскі раёны выставілі на продаж па 2 будынкі. На Лепельшчыне прадаюцца дзіцячыя садкі ў самім раённым цэнтры па вуліцах Савецкай і Зялёнай. А лёзненскія ўлады выставілі на продаж будынак дзіцячага садка ў аграгарадку Новае Сяло і двухпавярховы будынак у аграгарадку Міхалінова.
Таксама будынкі школ, клубаў, крамаў, сталовак ды іншых вытворчых памяшканняў, у тым ліку былы цагляны завод распрадаюць іншыя раёны Віцебшчыны. Усю інфармацыю пра аб’екты нерухомасці, якія выстаўленыя на аўкцыён,ы можна паглядзець на сайце Камітэта дзяржаўнай маёмасці Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
Іван Красікаў