Субота, 07 Люты 2026

Віцяблянам паказалі, як нібыта будзе выглядаць новы ГЦ “Беларусь” – на месцы згарэлага

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў  зявіў, што новы аб’ект стане “гандлёвым цэнтрам высокага ўзроўню”. Праўда, праекта яшчэ няма – толькі “карцінкі” з выявай футурыстычнага гмаха “са шкла”, як сказаў кіраўнік горада. Пра тое, наколькі гэтыя выявы могуць аказацца далёкімі ад рэальнасці, сведчыць яшчэ адзін факт: на іх прысутнічае ўжо збудаваны Сафійскі сабор, які абяцалі ўзвесці “на ўзор полацакага”. Але на карцінках – тыповая “мураўёўка”...

“К зданию из стекла, которое полностью изменит свой контур, будет пристроен кинотеатр, один этаж отдан под детские развлекательные комплексы. Будет и многое другое”, - заявіў старшыня гарвыканкама. Ні пра тое, хто стварае праект, хто будзе спонсарам будаўніцтва, і колькі ўрэшце гэта ўсё будзе каштаваць, ніякіх удакладненняў не прагучала.

Гараджане не выключаюць, што іх проста ўводзяць у зман, абяцаўчы вясёлкавыя перспектывы. Бо ў горадзе поўна “даўгабудаў”, на якія даўно бракуе сродка. Да прыкладу, СПА-цэнтр, які адчынілі летась, не маглі дабудаваць 14 гадоў! “Падвісла” і будаўніцтва аквапарка, які абяцалі адчыніць праз два гады, але толкам так і не ўзяліся.

Да слова, і той аб’ект, які існуе пакуль што толькі ў выглядзе карцінак, ужо атрымаў шмат крытыкі. Ягоны “касмічны” выгляд абсалютна не спалучаецца з цяперашняй навакольнай  забудовай.

Нагадаем, былы ГЦ “Беларусь” стаў ахвярай пажару, які здарыўся   13 снежня 2024 года. Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа па артыкуле, звязаным з парушэннем правілаў пажарнай бяспекі. Але з таго часу так і не вядома, ці быў суд па гэтай справе і ці нехта быў пакараны, хаця ў першыя дні пасля інцыдэнту пад вартай нейкі час трымалі гаспадара гандлёвага цэнтра, віцебскага прадпрымальніка Віктара Вялюгу.  

Сяргей Пяцько