Панядзелак, 19 Студзень 2026

У Полацку прадаецца “Спадчына Францыска Скарыны”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Такую назву мае полацкае камунальнае ўнітарнае паліграфічнае прадпрыемства. Прасцей кажучы, друкарня. 31 снежня мінулага года КУП было ліквідавана, і цяпер маёмасць выстаўлена на аўкцыён.

Паводле звестак на сайце кансалтынгавага прадпрыемства «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу», на продаж адным лотам выстаўлены тры капітальныя пабудовы па вул.Гагарына ў Полацку. Яны прадаюцца разам з усім майном, якое знаходзіцца ўнутры: абсталяваннем, кампутарамі, мэбляй і нават спецадзеннем. Усё гэта плануюць прадаць на аўкцыёне 4 лютага, першапачатковы кошт - 51 600.13 руб.

Дакументы на ліквідацыю друкарні былі пададзеныя 10 сакавіка 2025 года. Апошнім часам прадпрыемства знаходзілася ў крызісе. Хаця яшчэ ў 2018 годзе, калі друкарня адзначыла сваё 100-годдзе, дзяржаўныя СМІ Беларусі называлі яе «ўзорным» прадпрыемствам.

Друкарня вырабляла бланкі, календары, плакаты, рэкламныя праспекты, а таксама этыкеткі і ўпакоўку для харчовай прамысловасці.

Аляксей Фрольчанка