Пра тое, што ў Гаршчэўшчыну прыязжалі начальнік абласнога аддзела адукацыі Дзмітрый Хома, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў і інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч, даведаўся рэсурс @vitebsk_info. Па рашэнні чыноўнікаў абласнога рангу садок вырашылі пакінуць. Для бацькоў гэта сапраўдная перамога, бо раённыя ўлады прапаноўвалі ім абсалютна нязручны варыянт - малых дзяцей вазіць за 18 км у школу ў Абольцах, дзе для дашкольнікаў абяцалі выдзеліць два пакоі. Дарэчы, у саміх Абольцах - усяго трое дзяцей дашкольнага ўзросту, але школу і садок вырашылі захаваць менавіта там.
Праўда, перамога бацькам з Гаршчэўшчыны далася нялёгка. На іх ініцыятыву з крытыкай абрынулася мясцовая “раёнка”, якая пісала, што перавод у іншы сад робіцца "для карысці дзяцей". На месца прыязжалі шматлікія праверкі, і бацькі нават былі вымушаны выдаліць з TikTok свой відэазварот. Тым часам жыхары аграгарадка зразумелі, што стала падствай для “аптымізацыі”: садок у Гаршчэўшчыне ўлады фінансаваць не хацелі, затое збіраліся падтрымліваць дзіцячую ўстанову ў Абольцах, бо без яе, маўляў, “разваліцца” мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Далучылася і “Беларусь Сегодня”: там з’явіўся артыкул пра тое, што ўлады нават гатовыя заасфальтаваць дарогу з Гаршчэўшчыны ў Абольцы, толькі б зліквідаваць дзіцячы сад.
Але ўсё гэта былі стрэлы “ўхаластую” : паводле бацькоў, дашкольную ўстанову для сваіх дзетак яны адстаялі. Гісторыя з садком у Гаршчэўшчыне, калі ўлады вымушана пайшлі насустрач пажаданняў бацькоў, - узор таго, як на жыццё людзей можа паўплываць іх уласнае неабыякавае стаўленне да мясцовых праблем.
Міхаіл Бягун
Пятніца, 22 Жнівень 2025
Змаганне за дзіцячы садок скончылася перамогай
Маладыя маці з аграгарадка Гаршчэўшчына запісалі ў TikTok зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай не зачыняць дзіцячы садок. Рашэнне пра гэта было прынята на ўзроўні выканкама Талачынскага раёна, і спачатку ініцыятарак захавання дзіцячай установы проста “адфутбольвалі”. Але рэзананс у недзяржаўных СМІ, падобна, дапамог: дзіцячы садок пакідаюць, а гэта значыць, што 11 дашкалят не будуць вазіць у суседнюю веску, як гэта прапаноўвалі чыноўнікі.
Апублікавана ў
Рознае